Беларусь можа атрымаць $ 4–8 млрд


Правядзенне палітычнай лібералізацыі дасць магчымасць Беларусі штогод прыцягваць $ 4–8 млрд наўпроставых замежных інвестыцыяў, заявіў былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч 15 лютага ў Менску на паседжанні круглага стала, прысвечанага стварэнню ў Беларусі эфектыўных працоўных месцаў.

Як адзначыў Багданкевіч, адна з асноўных праблемаў беларускай эканомікі – яе нізкая эфектыўнасць. Развязаць яе можна толькі ў выніку тэхнічнага і тэхналагічнага пераўзбраення буйной вытворчасці.

Багданкевіч вылучыў некалькі прыярытэтных пытанняў, на вырашэнне якіх, паводле яго, павінны арыентавацца апазіцыя і ўлада для перабудовы эканомікі ды стварэння эфектыўных працоўных месцаў.

Перш за ўсё, перакананы эксперт, краіне неабходна правядзенне палітычнай рэформы. “Гэта вяртанне дэмакратыі, падсправаздачнасць улады выбарнікам, дэбюракратызацыя дзяржаўнага кіравання эканомікаю”, – адзначыў Багданкевіч.

Яшчэ адзін прыярытэт – гэта структурная перабудова, якая, са словаў Багданкевіча, улучае ў сябе “ачышчэнне эканомікі ад баласту” – стратных і нізкарэнтабельных прадпрыемстваў. “Трэба зняць іх з шыі бюджэту і на гэтай базе стварыць больш эфектыўныя працоўныя месцы”, – адзначыў аналітык.

Таксама, паводле яго, трэба ствараць умовы для павелічэння ў эканоміцы долі малога і сярэдняга бізнесу, які працуе на ўнутраныя патрэбы. “І тады праблему імпартазамяшчэння мы развяжам шляхам свабоды прадпрымальніцтва, а не адміністрацыйнымі захадамі”, – падкрэсліў Багданкевіч.

Крыніцаю стварэння новых і больш эфектыўных працоўных месцаў таксама з’яўляецца скарачэнне дзяржвыдаткаў – перш за ўсё на ўтрыманне раздзьмутага дзяржапарату, упэўнены эксперт. Са словаў Багданкевіча, “гэта велізарныя сумы, якія можна пусціць на тэхнічнае пераўзбраенне”.

Паводле яго, інфляцыю трэба зніжаць да 3–5 %, а не да запланаваных урадам 19–22 %. “Тады ў нас крэдыты будуць пад 8–10 %. А яны – найважнейшы рэсурс для пераўзбраення”, – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў