На мяжы з Беларуссю з’явіцца "мора"


У курортным горадзе Друскенікі літоўцы плануюць пабудаваць штучны пляж з басейнамі, якія будуць імітаваць мора.

Ужо распачалі праектныя працы. Калі ўсё пойдзе паводле плану, “мора” з’явіцца праз два гады. Побач з паркам водных атракцыёнаў плануюць пабудаваць закрыты манеж з марскімі пейзажамі, дзюнамі, хвоямі, драўлянымі сцежкамі ды басейнам, які зымітуе хвалістае мора. Дах манежу будзе ўздымацца ў сонечныя дні ды зачыняцца ў неспрыяльнае надвор’е. Пясок на пляжы мяркуюць падаграваць. Курорт будзе даступны круглы год.

Друскенікі – адзін з дзесяці найлепшых еўрапейскіх бальнеалагічных курортаў. Штогод больш за 700 тысячаў арганізаваных турыстаў наведваюць яго. Летась тут з’явіўся падатак з турыстаў, якія наведваюць санаторыі, SPA-цэнтры ды ночаць у мясцовых гатэлях. Ён складае 2 літы (7,5 тыс. рублёў). Такім чынам улады спадзяюцца штогод збіраць 1,5 млн літаў. Гэтыя грошы ў тым ліку будуць выкарыстоўваць на развіццё новага курорту.

“Нам варта павучыцца ў літоўцаў, бо Друскенікі – добры прыклад таго, як пры разумным падыходзе атрымалася аднавіць санаторыі ды курорты, якія яшчэ дзесяць гадоў таму паміралі”, – лічыць начальніца турыстычнага аддзелу фірмы “Беларускі спадарожнік” Наталля Чухлін.

Санаторыі-банкруты перадавалі ва ўласнасць мясцоваму самакіраванню. Мэрыя шукала інвестараў. Дамовы складалі гэтак, што ў выпадку невыканання плану накладаліся штрафныя санкцыі. „У выніку горад стаў сапраўдным курортным цэнтрам, і па сваіх паказніках абышоў папулярны марскі курорт Палангу”, – зазначае прадстаўніца турыстычнага бізнесу.

Паводле суразмоўцы, адпачынак у Друскеніках вельмі папулярны сярод беларусаў і асабліва гарадзенцаў (адлегласць паміж гарадамі крыху болей за 40 км). “Тут месціцца знакаміты санаторый “Беларусь”, але шмат турыстаў прыязджаюць на два-тры дні, наведваюць адразу некалькі SPA-цэнтраў, гарналыжны комплекс і аквапарк, – гэтыя аб’екты найбольш папулярныя”.

belsat.eu

Стужка навінаў