Някляеўцы патрабуюць “Гадзіну праўды” для ўсіх кандыдатаў


Актывісты кампаніі “Гавары праўду!” правялі пікет каля Цэнтрвыбаркаму з патрабаваннем даць дадатковы час на тэлебачанні ўсім кандыдатам на прэзідэнцтва.

Каля будынку Цэнтрвыбаркаму прыкладна 20 прыхільнікаў Някляева разгарнулі сцягі з надпісам “За Някляева!”, лозунгі “Патрабуем 1 гадзіну наўпроставага эфіру”, “Спыніце тэатр аднаго акцёра!”, “Дайце эфір іншым!”. Перад вокнамі ЦВК усталявалі стары тэлевізар, на экране якога прымацавалі партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам удзельнікі акцыі спрабавалі падкрэсліць, што пасля выступленняў кандыдатаў на прэзідэнта, якія завершацца 5 снежня, на тэлеэкране гледачы будуць бачыць толькі адну асобу.

Давераная асоба Някляева, пісьменнік Уладзімір Арлоў, і прадстаўніца Някляева ў Цэнтрвыбаркаме – чалец ЦВК з правам дарадчага голасу Таццяна Процька перадалі ў Цэнтрвыбаркам заяву з просьбаю даць кандыдатам дадатковы тэлеэфір. “Акрамя таго, 29 лістапада па тэлебачанні быў паказаны сюжэт пра тое, як Лукашэнка сустракаўся са сваімі даверанымі асобамі. Сустрэча праходзіла ў службовым памяшканні, у працоўны час. Тэлебачанне не паказвае сустрэчаў з даверанымі асобамі іншых кандыдатаў. Мы просім ЦВК усё ж разабрацца з правам іншых кандыдатаў на прэзідэнта на роўныя магчымасці агітацыі”, – заявіла Процька.

За правядзеннем акцыі назіралі працаўнікі міліцыі ў цывільным, здымалі падзеі на відэакамеру, але ў хаду акцыі не ўмешваліся.

belsat.eu

Стужка навінаў