Галадоўніца Святлана Чорная атрымала адпіску


Жыхарка Менску Святлана Чорная, якая 30 лістапада 2011 г. абвесціла галадоўку на знак пратэсту супраць смяротнага прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, атрымала адказ на свой зварот у камісію памілавання пры прэзідэнту. “У ім напісана, што мой зварот аб неўжыванні смяротнай кары да Канавалава і Кавалёва будзе разгледжаны ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Я лічу гэта фармальнаю адпіскаю”, – заявіла Чорная.

Яна разумее, што звярнулася “не на той адрас”. “Прэзідэнт не разглядае ўсіх зваротаў сам, яны перанакіроўваюцца ў адпаведныя аддзелы Адміністрацыі прэзідэнта. Але я не патрабавала памілаваць і вызваліць ад смяротнай кары Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Я пратэстую супраць самога прысуду. Я лічу, што віна гэтых маладых людзей не была даказаная ў судзе, і лічу прысуд неправамоцным”, – падкрэсліла Чорная.

Жанчына мае намер паўторна звярнуцца ў прэзідэнцкую адміністрацыю, каб яе патрабаванні былі разгледжаныя. Паводле Чорнай, яна працягвае галадаць, толькі перыядычна п’е ваду. “Часам я раблю перапынкі, пераходжу на сухую галадоўку – гэта звязана з тым, што ўзнікаюць ацёкі. Мяне аглядалі дактары. Яны сказалі, што ў мяне страўнік апусціўся – з-за няправільнага харчавання ці як у чалавека, які страціў апетыт. Мне выпісалі рэкамендацыі. Я дактарам нічога пра галадоўку не казала, я сапраўды не магу есці”, – сказала Чорная.

Яна мае намер працягваць галадоўку. “У мяне няма прычынаў, каб яе спыніць”, – заявіла Чорная.

belsat.eu

Стужка навінаў