Агульнанацыянальная дыктоўка стартуе 21 лютага


Сёлета першы этап агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі пройдзе 21 лютага ў офісе грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ).

Як растлумачыў кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, правядзенне дыктоўкі прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. “Улічваючы, што сёлета юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, мы прапаноўваем пісаць дыктоўку менавіта паводле іхных твораў”, – паведаміў Трусаў.

Ахвотных запрашаюць у офіс ТБМ да 17.30. “Напісаць дыктоўку можа любы ахвотнік. Калі збярэцца шмат такіх людзей, дыктоўка пройдзе за два, тры этапы. Акрамя таго, мы разаслалі ў большасць амбасадаў замежных дзяржаваў у Беларусі запрашэнне ўзяць удзел у гэтай акцыі. Звычайна прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу нам у сваёй прысутнасці не адмаўляюць”, – заўважыў кіраўнік ТБМ.

У рэгіёнах дні ды месцы правядзення дыктоўкі вызначаць мясцовыя структуры ТБМ.

Агульнанацыянальная дыктоўка праводзіцца ў Беларусі пяты год запар з ініцыятывы філосафа Уладзіміра Падгола. Мэта акцыі – дэманстрацыя павагі да роднай мовы. Першы раз дыктоўка была арганізаваная 25 сакавіка 2008 г., яе прымеркавалі да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

belsat.eu

Стужка навінаў