Інтэрнэт-бібліятэка Беларусі будзе дзеяць толькі ў працоўныя дні?


Гэта прадугледжвае дзяржаўная праграма, але ў Нацыянальнай бібліятэцы спадзяюцца, што рэсурс будзе працаваць без перапынкаў.

Актуальнасць стварэння ў Беларусі электроннай нацыянальнай бібліятэкі толькі павялічваецца. Такую думку выказаў Георгій Трушко, начальнік сектару ўпраўлення інфраструктурай і развіцця інфарматызацыі Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі. Паводле яго, «ва ўмовах імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогіяў віртуальная нацыянальная бібліятэка будзе вельмі запатрабаваная».

Але што будзе ўяўляць з сябе новы рэсурс? Як аказалася, там будуць выкладзеныя базы звестак, аблічбаваныя кнігі і газеты, аўдыя- і відэафайлы. Ствараючы новы рэсурс, бібліятэка мусіць кіравацца Нацыянальнаю праграмаю паскоранага развіцця паслугаў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў на 2011–2015 гг. Гэты дакумент распрацаваў урад. У ім прадугледжваюцца некаторыя паказнікі, якія шакуюць любога актыўнага карыстальніка інтэрнэту.

Даступнасць інфармацыі, то бок час працы рэсурсу ў наступным годзе, мусіць складаць… «8 гадзінаў 5 дзён на тыдзень». Атрымліваецца, што інтэрнэт-бібліятэку можна будзе адкрыць толькі ў працоўны час працоўных дзён, а на выходных азнаёміцца з інфармацыяй будзе немагчыма? Праграма прадугледжвае, што ў 2014 г. графік працы будзе складаць ужо 16 гадзінаў у працоўныя дні, і толькі ў 2015 г. рэсурс пачне працаваць без перапынкаў. «Такое тэарэтычна магчыма, толькі калі напрыканцы працоўнага дня прыбіральшчыца будзе выцягваць з разеткі кабель сілкавання сэрверу з сайтам, – смяецца праграміст Аляксей Ракаў. – Падобныя сітуацыя з сайтамі беларускіх дзяржаўных установаў насамрэч здараліся шмат гадоў таму. Кіраўніцтва, якое не разумела прынцыпаў працы інтэрнэту, загадвала выключаць увечары ўсе камп’ютары. Але калі такая ідэя насамрэч ажыццявіцца, будзе смяяцца ўвесь свет».

Намесніца дырэктара ў пытанні інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Кузьмініч не паверыла, што ў праграме могуць такія патрабаванні. «Будзем лічыць, што гэта нейкі мінімум, але, спадзяюся, электронная бібліятэка будзе працаваць як усе інтэрнэт-рэсурсы, – кажа яна. – Стварэнне рэсурсу можа быць выдзеленае ў асобную дзяржаўную праграму і тады яно будзе адпавядаць патрэбам часу і развіцця тэхналогіяў». Паводле Таццяны Кузьмініч, у распрацоўванні праграмы бралі ўдзел як прадстаўнікі міністэрстваў, так і працаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі.

belsat.eu

Стужка навінаў