7-я гадавіна «плюшавага дэсанту». Прыгадваем, як гэта было


7 гадоў таму, 4 ліпеня 2012 -га, аднаматорны самалёт Jogel пад кіраваннем двух шведскіх пілотаў (супрацоўнікаў піяр-кампаніі Studio Total) ўварваўся ў паветраную прастору Беларусі з боку Літвы і раскідаў над беларускай тэрыторыяй некалькі сотняў цацачных мядзведзяў з лозунгамі аб свабодзе слова.

Улады адрэагавалі амаль імгненна: ужо 6 ліпеня 2012 года ў рамках «справы плюшавых мядзведзяў» супрацоўнікі КДБ затрымалі рыэлтара Сяргея Башарымава, які раней здаваў кватэру дырэктару шведскай Studio Total Перу Кромвелу.

13 ліпеня быў затрыманы 20-гадовы студэнт журфака БДУ і рэдактар сайта bnp.by Антон Сурапін, які першым выклаў у Інтэрнэце фатаграфіі скінутых з самалёта плюшавых медзведзянятаў. Пазней ім абодвум высунулі абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 («дапамаганне ў здзяйсненні злачынства») і ч. 3 арт. 371 («незаконнае перасячэнне мяжы») КК РБ.

Лукашэнка быў настолькі абураны «плюшавым дэсантам», што адправіў у адстаўку кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрыя Пахмелкіна. Шэрагу сілавікоў быў абвешчаны вымовы.

Беларусь выслала шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана, які 7 гадоў прапрацаваў у Менску. У Стакгольме назвалі рашэнне Аляксандра Лукашэнкі абуральным і выслалі беларускіх дыпламатаў у адказ.

6 жніўня 2012 года беларускае тэлебачанне абвінаваціла Стэфана Эрыксана ў падрыхтоўцы «арабскай вясны» ў Беларусі, а беларускі МЗС заявіў, што ягоная дзейнасць была накіраваная на «разбурэнне» двухбаковых стасункаў.

КДБ афіцыйна запрасіў у Беларусь датычных да акцыі шведаў «для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазроных». Шведы ў сваю чаргу заявілі, што прыедуць толькі пры наяўнасці гарантый асабістай недатыкальнасці. Такіх гарантыяў яны не атрымалі і ў Беларусі гэтак і не з’явіліся.

9 жніўня 2012 года Лукашэнка заявіў, што дыпламатычны канфлікт са Швецыяй нібыта не звязаны з «плюшавым дэсантам». Адначасова ён адзначыў, што беларусы проста пашкадавалі шведскіх лётчыкаў, а Літву абвінаваціў у дапамаганні шведам. Ён таксама выступіў з пагрозамі на адрас Літвы і Швецыі. 30 жніўня 2012 года амбасада Швецыі ў Менску была закрытая.

Новы амбасадар Швецыі з’явіўся ў Беларусі толькі увосень 2017 года. Былы прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітры Мірончык быў прызначаны кірарўніком дыпмісіі ў Стакгольме. У траўні 2018-га ён заявіў, што «ледніковы перыяд» у адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй афіцыйна скончыўся.

КА belsat.eu

Стужка навінаў