У матчавай сустрэчы першага раўнду II групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубку Дэвіса па тэнісе мужчынская зборная Беларусі перагуляла тэнісістаў з Малдовы. 10 лютага ў першым матчы дня на корт выйшлі лідар беларусаў Уладзімір Ігнацік (215-ты ў міжнародным адзіночным рэйтынгу) і другі нумар – малдаванін Раман Барванаў (252). Гульня завяршылася на карысць Ігнаціка з лікам 6:4, 6:2, 6:4.
Першы сэт мінуў у даволі ўпартай барацьбе. Толькі ў дзявятым гейме Ігнаціку ўдалося зрабіць брэйк, пасля чаго ён давёў партыю да перамогі. Другі сэт беларус выгуляў лёгка, пачаўшы яго з брэйку. Трэцяя партыя прайшла паводле сцэнару першай: зноў лёс сэту быў вырашаны ў дзявятым гейме, у якім Ігнацік зрабіў брэйк.
Агульны час матчу – 1 гадзіна 49 хвілінаў.
Такім чынам, беларуская каманда павяла ў матчавай сустрэчы – 1:0.
belsat.eu