Дырэктар «Беларусьфільму»: „Талаш” - не агітка


Чатырохсерыйны фільм распавядае пра лёс звычайнага палешука Васіля Талаша, які для беларусаў стаўся нацыянальным сімвалам барацьбы за свабоду і справядлівасць. Фільм выклікаў абурэнне польскага боку. На яго адгукнулася адна з вядучых газет «Rzeczpospolita», адрэагавала Міністэрства замежных справаў Польшчы, у беларускіх і польскіх медыях разгарнулася дыскусія вакол таго, што ў стужцы нібыта карыкатурна намаляваныя ўсе польскія персанажы.

9 лютага ў менскім Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў рамках адкрыцця святкавання 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі адбылася творчая сустрэча са здымачнаю групаю кінафільму «Талаш» («Беларусьфільм», 2012 год), знятага паводле матываў аповесці Якуба Коласа «Дрыгва».

Рэжысёр і сцэнарыст карціны Сяргей Шульга кажа, што ніякіх прэтэнзіяў у польскага боку быць не можа. «Акрамя адной: калі заваёўнікі прыходзяць на чыюсьці зямлю, яны ёсць заваёўнікамі. А вось характары і вобразы палякаў мы стараліся не рабіць адмоўнымі. Мы – суседзі па жыцці і застанемся імі. Таму ніякіх нападак на Польшчу мы не хацелі рабіць. Проста быў такі час – тады ваявалі з усімі. Калі мы будзем паказваць вайну 1812 года і бітву на Бярэзіне з войскамі Напалеона, мы ж не будзем казаць, што гэта былі кітайцы, а не французы. Гэта было, пра гэта трэба памятаць, але сёння на гэта трэба глядзець па-іншаму», – сказаў ён.

Генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч у сваю чаргу заявіў: «Вывучыўшы форумы, артыкул пра «Талаша», я зразумеў, што гэтыя прэтэнзіі ідуць да нашай сумеснай гісторыі, але ніяк не да фільму. Бо калі літаратурны твор кладзецца ў аснову кінематаграфічнай працы, то можна казаць толькі пра адпаведнасць задумы аўтара і задумы экранізацыі. Або гэта чыстая экранізацыя, у аснове якой – мастацкая выдумка”.

Паводле Сільвановіча, Беларусь – гэта і культурнае, і геапалітычнае, і гістарычнае скрыжаванне. «Мы знаходзімся ў цісках такога фантомнага імперыялізму з боку Польшчы, – кажа ён, – а з іншага боку, такога мемарыяльнага імперыялізму з боку Расеі. У рамках гэтых амбіцыяў фільм, вядома, выглядае як нейкае палітычная заява. Хоць насамрэч чыстая экранізацыя беларускай класікі! Мне цяжка ўспрымаць сур’ёзна наіўныя здагадкі пра тое, што гэта нібыта прафінансавала ФСБ або ледзь не сам Пуцін. Гэты фільм, калі б мы яго ні знялі, калі б ні паказалі, усё роўна будзе ўспрымацца досыць востра польскім бокам. Што зробіш, быў у нас такі лёс, такія драматычныя падзеі».

belsat.eu

Стужка навінаў