У войска могуць забраць сярод вучобы


Для студэнтаў вырашылі зрабіць новы від вакацыяў.

Праект новага кодэксу аб адукацыі прадугледжвае новы від вакацыяў для студэнтаў – для праходжання вайсковай службы. Такая практыка існавала ў савецкія часы.

Паводле старшыні сталай камісіі адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Уладзіміра Здановіча, войска падчас вучобы не будзе абавязковым для ўсіх студэнтаў: “Такую магчымасць дадуць тым, хто сам захоча прыпыніць навучанне і адслужыць у войску. Частку студэнтаў прызавуць на меркаванне ваенкаматаў. Сёння склалася сітуацыя, калі некаторыя ідуць атрымліваць вышэйшую адукацыю, каб толькі не апынуцца ў войску, абы пазбегнуць свайго грамадзянскага абавязку. Такога быць не мусіць. Новаўвядзенні маюць стрымаць такіх ухілістаў”.

Міністэрства адукацыі ды парламентарыі здзекуюцца з студэнтаў, планамерна парушаючы іхныя правы. Такое меркаванне выказаў сябра Студэнцкай рады Міхась Матусевіч. “Сёння толькі ў Беларусі засталося размеркаванне, толькі ў нас дагэтуль не распрацаваная канцэпцыя альтэрнатыўнай службы. І цяпер студэнтам кажуць, што сярод вучобы іх проста так могуць вырваць са звыклага асяроддзя, з навуковай дзейнасці ды на год ці нават больш закінуць у войска? Якім жа тады спецыялістам будзе гэты студэнт? Ухілістаў гэта не спыніць, проста з’явяцца іншыя спосабы “адкасіць”. Чыноўнікам трэба займацца праектамі пераходу на прафесійнае войска, падымаць прэстыж арміі, а не запужваць студэнтаў”, – адзначыў спадар Матусевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў