Напад на «Ліцвінскі клуб»: сведчанні відавочцаў


Вечарам 8 лютага «Ліцвінскі клуб» праводзіў штотыднёвы сход інтэлектуальна-рэлігійнага характару ў доме, размешчаным у Загарадным завулку ў Менску. Памяшканне належыць пратэстанцкай царкве «Ян Прадвеснік». Нечакана ў дом праз акно ўварваліся спецназаўцы ў масках.

«За тры метры ад вакна былі дзверы, у якія можна было ўвайсці, яны не былі зачыненыя, аднак пачалі біць вокны, а тут дзеці гулялі, іх тут было дзевяць, – гаворыць адна з відавочцаў нападу. – Дзеці спужаліся, але, дзякуй Богу, шкло не трапіла ні ў кога. Жывем, як на вайне. Дзеці спужаліся, уцяклі, прыбеглі да бацькоў, трасуцца, плачуць. Тут паўскоквалі гэтыя чорныя, як д’яблы, і пачалі казаць: «Стаяць! Не хадзіць!»

Затрыманых удзельнікаў пасяджэння «Ліцвінскага клубу» выпусцілі з УУС Маскоўскага раёну Менску без складання пратаколаў. Пра гэта паведаміла грамадская актывістка Галіна Сіўчык, чый унук Вітаўт быў сярод затрыманых. Паводле Галіны, вечарам яна забрала ўнука і яшчэ адну дзяўчыну з УУС Маскоўскага раёну. Паводле працаўнікоў міліцыі, у памяшканні царквы яны шукалі наркотыкі. Ва УУС праверылі асобы ўсіх затрыманых, узялі тлумачэнні і адпусцілі.

Інфармацыю пра тое, што ўсіх затрыманых выпусцілі без складання пратаколаў, пацвярджаюць праваабаронцы. Паводле іхных звестак, былі затрыманыя 32 удзельнікі клубу.

«Ліцвінскі клуб» ладзіць дыскусійныя моладзевыя сустрэчы. Цягам пяці гадоў удзельнікі клубу збіраюцца, каб абмеркаваць розныя падзеі, глядзяць фільмы, тэатральныя пастаноўкі. «Для ўдзелу нічога не патрабуецца, акрамя як толькі прыйсці», – гаворыцца на старонцы клубу ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Пасяджэнні праходзяць штосераду.

belsat.eu

Стужка навінаў