Познер павячэраў з Лукашэнкам і параўнаў яго са Сталіным


Падчас прэзентацыі сваёй кнігі “Развітанне з ілюзіямі” вядомы расейскі тэлежурналіст выказаўся аб сітуацыі ў Беларусі.

Уладзімір Познер трапіў у нашу краіну напрыканцы 1990-х, калі алігарх Барыс Беразоўскі арганізаваў паездку расейскіх журналістаў. Дэлегацыю прымаў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Самым моцным уражаннем, якое засталося ў Познера, было тое, што працаўнікі беларускага тэлебачання пра пэўныя рэчы размаўлялі шэптам. “Я адчуў, што вярнуўся ў Савецкі Саюз!”

Пасля была вячэра ў рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы, і Беразоўскі папрасіў кожнага з прысутных падняцца і сказаць што-небудзь. “Я падняўся і сказаў наступнае: “Аляксандр Рыгоравіч, мяне мама вучыла, што калі ты ломіш чыйсьці хлеб, ты мусіш яму сказаць або нешта добрае, або нічога. Я вам нічога не скажу”, – узгадвае Уладзімір Познер. Пасля гэтага беларускі прэзідэнт і не залюбіў журналіста, якога пазней абвінаваціў у атрыманні хабару за крытыку на ягоны адрас.

“Тое, што адбываецца ў вашай краіне, у мяне выклікае глыбокае шкадаванне. Магчыма, што ўсё адно большасць насельніцтва яго падтрымлівае – я тут не спецыяліст. Але я ж памятаю, што большасць насельніцтва Савецкага Саюзу падтрымлівала і горача любіла, можа быць, самага крывавага дыктатара ў гісторыі, а менавіта – Сталіна”, – сказаў Уладзімір Познер.

Кнігу “Развітанне з ілюзіямі” адзін з самых вядомых расейскіх тэлежурналістаў, чалавек, які стаў тварам эпохі пераменаў, напісаў 21 год таму. У ЗША яна 12 тыдняў трымалася ў спісе бестселераў газеты “New York Times”. І толькі цяпер, на думку аўтара, прыйшоў час выдаць расейскі варыянт кнігі. Шчыра, з іроніяй і глыбінёй аўтар разважае аб пытаннях нацыянальнай самасвядомасці, веравызнання, палітыкі ды асаблівасцях расейскага менталітэту, спрабуе цвяроза і неўпярэджана ацаніць Расею, Амерыку і Еўропу.

belsat.eu

Стужка навінаў