Ці пасадзяць расейцаў за забойства беларускіх зуброў?


Нелегальныя паляванні на жывёлу працягваюцца.

У Валожынскім раёне завялі крымінальную справу па факце забойства трох зуброў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Затрымалі дваіх працаўнікоў Валожынскага лясгасу, якія, як мяркуецца, дапамаглі “турыстам” забіць жывёлу. “Паводле папярэдняй версіі, у паляўнічым туры бралі ўдзел грамадзяне Расеі. Яны набывалі дазвол на паляванне на дзіка ў Налібоцкай пушчы”, – паведаміў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Фёдар Лісіца. Аб’ём стратаў вызначыць суд, але калі ён будзе названы “асабліва буйным”, леснікам і паляўнічым пагражае доўгі турэмны тэрмін. Згодна з Крымінальным кодэксам, максімальнае пакаранне паводле артыкулу “Незаконнае паляванне” дасягае шасці гадоў пазбаўлення волі. Аднак у залежнасці ад акалічнасцяў сітуацыя можа развязацца і штрафамі”. Са словаў Фёдара Лісіцы, да сканчэння следчых дзеянняў казаць пра магчымае пакаранне рана.

Справа абяцае быць гучнаю – ужо адхілілі ад пасадаў дырэктара і галоўнага ляснічага Валожынскага лясгасу, а таксама начальніка аддзелу аховы і паляўнічага турызму Менскага абласнога лесагаспадарчага аб’яднання. Але ўлады перадусім абураныя не з факту забойства рэдкіх жывёлінаў, а з таго, што за гэта не заплацілі.

Тым часам нелегальныя паляванні працягваюцца, прычым здараецца гэта і пад патранажам Адміністрацыі прэзідэнта. “Паляванне на зубра каштуе ад 20 да 40 тысяч еўраў. Яно праводзіцца ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, можна паляваць на адмыслова адабраную жывёлу. У якасці трафея вы зможаце забраць рогі з чэрапам без ніжняй сківіцы”, – апавядаюць у дзяржаўнай установе “ЦэнтрКурорт”, што падпарадкоўваецца прэзідэнцкаму Галоўнаму гаспадарчаму кіраўніцтву. Працаўнікі пераконваюць, што ў Белавежскай пушчы адстрэльваюцца толькі старыя ці хворыя зубры, як і прадугледжвае заканадаўства: “Іначай бы ў нас адабралі ліцэнзію”.

Пры гэтым перыядычна ў інтэрнэце з’яўляюцца фотаздымкі замежных паляўнічых з трафеямі з беларускіх пушчаў. Забіты зубр дае такому паляўнічаму 170 пунктаў у сусветнай класіфікацыі паляўнічых ды залаты медаль. Паляўнічыя спаборнічаюць паміжсобку з дапамогаю такіх паказнікаў. За хворую жывёлу немагчыма атрымаць высокіх балаў. Хутчэй за ўсё, замежныя “турысты” забівалі здаровых зуброў. “ЦэнтрКурорт” гэтага факту не каментуе.

belsat.eu

Стужка навінаў