Рыгор Кастусёў: Дзякуй Богу, што партыі ў Беларусі яшчэ існуюць


Кандыдат на прэзідэнта мяркуе, што еўрапейскія партыі не выжылі б у такіх варунках.

Кандыдат на прэзідэнта ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў мяркуе, што цяпер пазіцыі беларускіх партыяў вельмі аслаблі. На ягоную думку, гэта адбылося праз ціск уладаў, якія імкнуцца да таго, каб партыяў у краіне не было ўвогуле, а таксама праз адсутнасць доступу да медыяў.

“У такіх цяжкіх варунках у іншых краінах, я думаю, партыі не існавалі б. Толькі ў Беларусі засталіся людзі, якія змагаюцца пры тым, што іх звальняюць з працы і аказваюць ціск на сям’ю”, – сказаў палітык падчас онлайнавай канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты БелаПАН Naviny.by (“Белорусские новости”).

Палітык адзначыў, што выступае за пераход да парламенцкай рэспублікі: “Але гэта не значыць, што, атрымаўшы перамогу на выбарах, мы створым яе ўжо заўтра. Пераход будзе адбывацца праз памяншэнне паўнамоцтваў прэзідэнта і павелічэнне паўнамоцтваў парламенту”.

Адказваючы на пытанне пра апошні тэлевыступ, падчас якога Кастусёў адмоўна выказаўся наконт прарасейскай пазіцыі некаторых кандыдатаў, ён адзначыў, што хацеў не абразіць кагосьці, а толькі падкрэсліць свой пункт гледжання на развіццё Беларусі: “Для мяне галоўнае – незалежнасць Беларусі, астатняе – другаснае. Я напрыклад, ніяк не адрэагаваў на публікацыю ў газеце “Народная Воля”, дзе мяне назвалі “гора-кандыдатам”. Я стараюся выправіцца і прыслухоўваюся да заўвагаў, якія гучаць у мой бок”.

belsat.eu

Стужка навінаў