За забарону “чарніла” падпісваюцца нават тыя, хто яго п’е


Яны лічаць, што ў Баранавічах яно горшай якасці, чым у іншых гарадах.

Жыхары Баранавічаў сабралі 105 подпісаў за забарону продажу ў горадзе пладова-ягаднага віна, паведамляе “Intex-press”. Ініцыяваў акцыю мясцовы актывіст Рыгор Грык. Паводле яго, подпісы збіраліся цягам тыдня – з 29 студзеня да 5 лютага. Пасля зварот накіравалі на разгляд у Баранавіцкі гарвыканкам.

У звароце адзначаецца, што з-за алкагалізацыі насельніцтва “павялічваецца колькасць злачынстваў сярод жыхароў гораду і раёну, распадаюцца сем’і і павышаецца дзіцячая злачыннасць у п’яным стане”.

Падпісанты просяць гарадскія ўлады паступова скарачаць вытворчасць таннага і няякаснага віна, а таксама абмежаваць час продажу ў крамах да поўнай яго забароны.

Як расказаў Рыгор Грык, пад зваротам падпісваліся нават тыя людзі, якія самі ўжываюць “чарніла”, але якія лічаць, што ў Баранавічах яно не такое якаснае, як у іншых гарадах.

Летась у Слуцкім раёне ўсяго за паўгода дзеяння забароны на продаж «чарнілаў» упершыню за апошнія 5 гадоў удалося дамагчыся змяншэння злачынстваў, здзейсненых у стане ап’янення. Праўда, у той жа час там адзначаецца рост незаконнага вырабу і продажу самагону.

belsat.eu

Стужка навінаў