У Менску змянілася амаль палова дырэктараў ЖЭС


Летась сышлі з працы 45 % дырэктараў і 82 % галоўных інжынераў.

Такія лічбы падаюць у “Менскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”. “Самая вялікая плыткасць кадраў – сярод дырэктараў і галоўных інжынераў жыллёва-эксплуатацыйных службаў, – кажа генеральны дырэктар Уладзімір Рэянтовіч. – Каб павысіць статус працаўнікоў жыллёвых службаў, мы звяртаемся з хадайніцтвамі ў гарвыканкам, каб кіраўнікам ЖЭСаў павысілі заробак (цяпер – каля 2,5 млн руб.). Думаю, дзякуючы гэтаму больш якасна будуць працаваць жыллёвыя службы, кіраўніцтва пачне патрабаваць такой жа аддачы ад падначаленых. Пасля ўзгаднення з жыллёвым аб’яднаннем дырэктар ЖЭСу можа павысіць заробак падначаленым пры якасным выкананні працаў”.

Кіраўнік прыватнай кампаніі абслугоўвання “Жылэкспа” Іна Яўсеева бачыць праблему не толькі ў нізкім заробку. “Калі мы прымаем людзей на працу, то шторазу я ім тлумачу, што мы працуем, пакуль людзям падабаецца нашая праца. Пакуль яны маюць патрэбу ў нашай працы ды ім падабаецца нашая якасць абслугоўвання. Калі ім не падабаецца нашая якасць, то яны могуць заўтра ж скасаваць з намі дамову. У дзяржаўных кампаніяў абслугоўвання няма асабістай зацікаўленасці. Бо калі там на дырэктара шмат скаргаў, то яго здымуць і паставяць іншага, трэцяга і г. д. Як правіла, сыходзяць найлепшыя кадры, якія маюць і высокую кваліфікацыю, і вялікі досвед. Яны знаходзяць сваё месца ў іншых галінах – пасля працы ў сістэме ЖКГ адмысловец становіцца шматпрофільны. Іхнае месца займаюць менш кваліфікаваныя і дасведчаныя працаўнікі”.

Паводле суразмоўцы, кіраўнікоў ЖЭСаў варта вызваліць ад абавязкаў, не звязаных з эксплуатацыяй жылога фонду. Гэтак, напрыклад, іх абавязваюць весці адміністратыўныя працэсы і прыцягваць да адказнасці грамадзянаў у матэрыялах органаў унутраных справаў, выяўляць і прымаць захады дзеля ўстаранення будаўнічых недаробак, выяўляць парушэнні зямельнага заканадаўства і шмат іншага.

Паводле маніторынгу Камітэту дзяржаўнага кантролю, сфера ЖКГ займае першае месца сярод скаргаў ад насельніцтва. У “Менскай гарадской жыллёвай гаспадарцы” падлічылі, што найбольш нараканняў – на няякасны капітальны рамонт або ягоную адсутнасць і на тое, што кіраўнікі ЖЭСаў своечасова не развязваюць гэтых праблемаў.

belsat.eu

Стужка навінаў