«Дагонім і перагонім»


У Беларусі ёсць магчымасць за год-паўтара вярнуцца да ранейшых заробкаў і перавысіць іх. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 лютага, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банку Надзею Ермакову.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы паінфармаваны пра стан на валютным рынку, сітуацыю з крэдытаваннем эканомікі, у тым ліку будаўніцтва жытла, іншых дзяржаўных праграмаў. “Мушу сказаць, што пакуль нядрэнна працуеце з банкірамі і ўрадам у плане выканання тых праграмаў, якія мы акрэслівалі, каб стабілізаваць сітуацыю”, – адзначыў Лукашэнка.

“Пры нармальным функцыянаванні эканомікі ды нармальнай працы працоўных калектываў мы за год-паўтара не проста вернемся на ранейшыя пазіцыі ў заработнай плаце людзей, але мы можам іх перавысіць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – У нас ёсць магчымасць зарабіць нармальныя грошы, каб людзі адчулі паляпшэнне жыцця, і гэта ўжо адбываецца. І я думаю, што калі мы нармальна выйдзем з гэтай няпростай зімы – я маю на ўвазе, каб не давялося перасяваць пасеваў з-за маразоў і гэтак далей, – то мы знойдзем гэтыя грошы”.

“Але мы ні ў якім выпадку не мусім друкаваць грошай, гэта абсалютна выключана”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што цяпер сітуацыя ў эканоміцы краіны стабільная. “Мы ў гэты час, наколькі я інфармаваны, не выдаткоўвалі золатавалютных рэзерваў – наадварот, яны ў нас прыраслі, і ў нас ёсць магчымасць іх павялічыць. Другое пытанне сёння паўстае: каб нам лішнія грошы не трымаць усё-такі ў рэзервах – яны мусяць працаваць у эканоміцы. Але, тым не менш, колькі трэба, столькі мае быць дзеля таго, каб у нас катаклізмаў у перспектыве не было”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што да сітуацыі на валютным рынку, то за апошнія тры месяцы курс беларускага рубля заставаўся стабільны, назіраліся толькі нязначныя яго ваганні. У канцы студзеня – на пачатку лютага адзначаецца яго ўмацаванне, што звязана з павелічэннем продажу валюты на рынку. Паводле Надзеі Ермаковай, абавязковы продаж валюты вырас прыкладна на $ 42 млн.

belsat.eu

Стужка навінаў