Справы супраць Сяргея Міхалка не будзе


Пракуратура не знайшла ў ягоных словах складу крымінальнага злачынства.

Як паведаміў «Еўрарадыё» прэсавы сакратар гурта «Ляпіс Трубяцкой» Аляксандр Бергер, «напісана, што паводле вынікаў гэтай праверкі прынятае працэсуальнае рашэнне пра адмову ад адкрыцця крымінальнай справы з-за адсутнасці грамадска небяспечнага ўчынку, прадугледжанага крымінальным законам». «Праўда, пакуль Сяргей Міхалок у Беларусь не ездзіў, а калі нават збярэцца, то афішаваць гэтага не будзе», – дадаў ён.

Летась у кастрычніку Сяргею Міхалку прыйшла позва ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Але ў гэты час музыка быў у замежным туры і на сустрэчу не прыйшоў. Пазней пракуратура абвесціла пра пачатак праверкі выказванняў лідара гурта «Ляпіс Трубяцкой», аднак Міхалок заявіў, што бліжэйшым часам у суд не завітае, бо заняты гастрольным турам.

Нагодаю да правядзення праверкі сталіся вострыя выказванні Сяргея Міхалка на адрас Аляксандра Лукашэнкі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Гэтак, у інтэрв’ю расейскаму інтэрнэт-тэлебачанню 1tvnet.ru музыка заявіў, што не лічыць Лукашэнку прэзідэнтам: «Ніякі ён не прэзідэнт – чалавек, які ненавідзіць свой народ. Я просты чалавек, не палітык, але цяпер я ведаю, што трэба біцца, у мяне няма іншага выйсця, я адчуваю радасць жыцця ад гэтага».

belsat.eu

Стужка навінаў