Чарговая выбарчая стратэгія. Гэтым разам ад АГП


Аб’яднаная грамадзянская партыя мае намер прапанаваць кааліцыі апазіцыйных партыяў і грамадскіх арганізацыяў новую стратэгію на сёлетніх парламенцкіх выбарах. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле яго, стратэгія будзе прапанаваная кааліцыі на наступным пасяджэнні, якое мае адбыцца 8 лютага.

Нагадаем, 31 студзеня лідары «кааліцыі шасці» (АГП, Партыя БНФ, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», аргкамітэт у справе стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рух «За Свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду!») планавалі падпісаць дэкларацыю «Аб грамадскай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазіцыі ў выбарах 2012 года». Аднак узгадніць пазіцыі палітыкам не ўдалося, а паседжанне скончылася выспяткам Віталю Рымашэўскаму ад Аляксандра Фядуты.

Як заявіў сёння Анатоль Лябедзька, АГП не мае намеру ўдзельнічаць у саміх выбарах у Палату прадстаўнікоў, але возьме ўдзел у выбарчай кампаніі. «Мы глядзім на гэтую кампанію толькі як на інструмент данясення да насельніцтва рашэння галоўнага прыярытэту. Галоўны прыярытэт – гэта магчымасць сказаць, што менавіта Аляксандр Лукашэнка тармозіць развіццё Беларусі», – падкрэсліў палітык.

АГП прапаноўвае апазіцыйным партыям «вылучаць правераных людзей паводле партыйных спісаў». «Выбарчы кодэкс нам такое дазваляе. Пры гэтым кандыдаты ў дэпутаты мусяць у сваіх выступах агучваць некалькі тэзісаў. Першы: галоўная праблема Беларусі – гэта Аляксандр Лукашэнка. Другі: выбараў няма, таму ўсе кандыдаты ў дэпутаты здымаюцца з выбараў да пачатку датэрміновага галасавання. Трэці: заклікаць выбарнікаў або не хадзіць на выбары, або галасаваць супраць усіх. Гэта дазволіць дэлегітымізаваць выбары», – мяркуе Лябедзька.

Кожны апазіцыйны кандыдат у дэпутаты мае ўзяць на сябе пісьмовае абавязацельства «зняцца з перадвыбарнай гонкі ў пэўны час і не атрымліваць дзяржаўных грошай на выбарчую кампанію». «Такім чынам партыйныя вылучэнцы пазбаўляюцца вялікай спакусы заставацца ў выбарчай гонцы да апошняга дня і ўдзельнічаць у галасаванні», – адзначыў лідар АГП.

Такі фармат удзелу, лічыць Лябедзька, дазволіць, з аднаго боку, правесці эфектыўную інфармацыйную кампанію, з другога – дазволіць партыям кантраляваць сваіх кандыдатаў у дэпутаты і выкананне ўзятых імі на сябе абавязацельстваў пра зняцце з выбараў. «Бо калі цэнтральны орган любой партыі вырашыць, што яны адклікаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, ніводзін чалавек ужо не будзе кандыдатам. Гэта эфектыўная сістэма кантролю за выкананнем агульных рашэнняў», – сказаў палітык.

Ён паведаміў, што гэты сцэнар быў узгоднены на сходах рэгіянальнага актыву АГП і атрымаў ухвалу экспертнай супольнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў