Урад Беларусі – супраць разгляду скаргі Кавалёвых у ААН


Прычына: яшчэ засталіся “сродкі абароны” абвінавачаных у тэракце ўнутры краіны.

Урад Беларусі лічыць непрымальным разгляд скаргі маці ды сястры Уладзіслава Кавалёва аб парушэнні права на жыццё ў Камітэце правоў чалавека ААН, бо не вычарпаныя ўнутраныя сродкі абароны. Гэта вынікае з адказу ўраду, які прыйшоў у Камітэт правоў чалавека ААН.

Копію адказу кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека выслала Любові Кавалёвай – маці аднаго з асуджаных на смерць у справе аб тэракце ў менскім метро. “У адказе ўрад наагул аспрэчвае сам факт рэгістрацыі нашай скаргі, заяўляючы, што дзеля гэтага не было юрыдычных падставаў, – распавяла Кавалёва. – Як мяне пракансультавалі юрысты, згодна з правіламі працэдуры разгляду індывідуальных паведамленняў у Камітэце правоў чалавека ААН дзяржава ў прынцыпе не мае на гэта права”.

Урад Беларусі спасылаецца на артыкул 2 факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім скарга можа быць прынятая ў Камітэце правоў чалавека ААН толькі пасля вычарпання ўсіх наяўных унутраных сродкаў прававой абароны. Урад, у прыватнасці, інфармуе камітэт ААН, што Кавалёў падаў у Вярхоўны Суд Беларусі скаргу ў парадку нагляду на прысуд суда, а таксама звярнуўся да прэзідэнта Беларусі з прашэннем аб памілаванні. Такім чынам, адзначаецца ў лісце, Кавалёў не вычарпаў усіх унутраных сродкаў прававой абароны да звяртання ў камітэт.

Любоў Кавалёва кажа, што ў суправаджальным лісце Камітэт правоў чалавека ААН просіць яе выкласці свае каментары з гэтай нагоды не пазней за 27 сакавіка. “У найбліжэйшы час мы з юрыстамі падрыхтуем пярэчанні на гэты ліст ураду”, – паведаміла маці асуджанага да смерці.

30 лістапада 2011 г. Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў Уладзіслава Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызме і прысудзіў яму смяротную кару. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Маці ды сястра Кавалёва накіравалі ў Камітэт правоў чалавека ААН скаргу аб парушэнні права на жыццё. У ёй гаворыцца пра парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору. У прыватнасці, пішуць жанчыны, у аснову абвінаваўчага прысуду суд паклаў прызнанні Кавалёва падчас папярэдняга следства, нягледзячы на тое, што яны былі атрыманыя пад прымусам, і на судовым пасяджэнні Кавалёў ад гэтых паказанняў адмовіўся. На думку маці ды сястры, суд пры разглядзе крымінальнай справы не адпавядаў крытэрам незалежнасці ды бесстароннасці. Акрамя таго, яны лічаць, што на суд ціснулі.

Скарга была афіцыйна зарэгістраваная ў Камітэце ААН 15 снежня. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі Камітэт правоў чалавека ААН звярнуўся з просьбаю да дзяржавы – не выконваць смяротнага прысуду Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжаная.

Дзмітрый Канавалаў, таксама асуджаны на смяротнае пакаранне паводле абвінавачання ў тэрарызме ў гэтай крымінальнай справе, прашэнне аб памілаванні падаваць адмовіўся, паведаміў 27 студзеня журналістам генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

belsat.eu

Стужка навінаў