Павал Севярынец: Мы не адмовімся ад заклікаў прыйсці на Плошчу


Кіраўнік выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец падкрэсліў, што папярэджанне ад ЦВК не стане перашкодаю для таго, каб заклікаць беларусаў прыйсці на Плошчу 19 снежня. “Зараз вырашаецца пытанне, ці будуць друкаваць праграму Рымашэўскага, бо мы не здымаем закліку прыйсці на Плошчу ў праграме, перададзенай у дзяржаўныя СМІ. І пра Плошчу мы будзем казаць на кожнай сустрэчы з выбарнікамі”, – заявіў Павал Севярынец.

Цэнтрвыбаркам вынес афіцыйныя папярэджанні двум кандыдатам на прэзідэнта, Віталю Рымашэўскаму і Міколу Статкевічу, – за арганізацыю масавай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада. Апазіцыйныя палітыкі заклікалі людзей узяць удзел у акцыі “Сыходзь!” падчас сваіх выступаў у дзяржаўных медыях.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявіў, што ў БХД не пагаджаюцца з вынясеннем папярэджання кандыдату на прэзідэнта Віталю Рымашэўскаму і ў сувязі з гэтым рыхтуюцца адпаведныя дакументы. Пры гэтым, паводле Паўла Севярынца, рашэнне будуць абскарджваць хутчэй “для гісторыі”.

“Мы не спадзяемся на перагляд рашэння ЦВК. У Вярхоўным судзе абскардзіць гэтае рашэнне немагчыма, падаваць апеляцыі можна, і магчыма, мы скарыстаемся гэтым правам”, – падкрэсліў Павал Севярынец.

belsat.eu

Стужка навінаў