Эканаміст пра нафтавыя заводы: Расейцы закінулі кручок


Паводле Антона Балточкі, прапанаваўшы беларусам прывабныя кошты на нафту, Масква зойме пазіцыю чакання, каб у будучыні атрымаць ільготы для сябе.

Беларусь атрымала ільготныя кошты на нафту на бліжэйшыя чатыры гады. Старшыня канцэрну “Белнафтахім” Ігар Жылін расказаў журналістам, што на 2012–2015 гг. атрымалася дамовіцца пра вельмі добрыя ўмовы экспарту нафты на беларускі рынак. Краіна атрымае ўсе аб’ёмы нафтапрадуктаў – да таго ж іх колькасць павялічыцца на 12 % у параўнанні з леташнім годам. Чаго ж чакае Расея наўзамен за сваю шчодрасць?

“Казаць пра тое, што яны хочуць набыць нашыя заводы, пакуль рана. Яны закінулі кручок і будуць чакаць, гэта пазіцыя чакання дзеля атрымання такіх ільготаў”, – лічыць эканаміст Антон Балточка.

Беларусь рыхтуе чарговы распродаж маёмасці. Для таго, каб атрымаць наступную частку крэдыту ЕўрАзЭС – 440 млн даляраў, – Беларусь мусіць выканаць некалькі ўмоваў. Асноўная з іх – прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў.

«На наступным тыдні мы занясем на разгляд кіраўніка дзяржавы пералік прапанаваных да прыватызацыі аб’ектаў, каб выканаць задачу – атрымаць 2,5 млрд даляраў за кошт прыватызацыі дзяржуласнасці», – заявіў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас.

І хоць спіс кампаніяў пакуль не называецца, Румас выказаў меркаванне, што там могуць апынуцца нафтатранспартавыя прадпрыемствы. Але апроч Расеі патэнцыйных пакупнікоў усё адно не прадбачыцца.

Ці дастаткова робіць дзяржава, каб завабіць прыватнага інвестара? «Захады ўлады не адпавядаюць напоўніцу чаканням. Як паказвае практыка, у такіх пытаннях тыя кажуць не толькі пра эканамічныя, але і пра палітычныя складнікі, – каментуе кіраўнік прыватнай інвестыцыйна-кансалтынгавай кампаніі Міхаіл Бараздзін. – Калі зноў пачынаюць гучаць тэзісы пра $ 500, нават людзі, далёкія ад эканомікі, могуць параўнаць сітуацыю з леташняй і зрабіць высновы. Структурных зменаў у эканоміцы няма. Яна дагэтуль не рынкавая, не самарэгулюецца, што дадае ёй залежнасці ад непрафесійных дзеянняў чыноўнікаў».

belsat.eu

Стужка навінаў