У Беларусі расце колькасць сіротаў


Перадусім яны паходзяць з сем’яў, дзе бацькоў пазбавілі правоў на дзіця.

Паводле Міністэрства адукацыі, штогод органы апекі ўладкоўваюць на выхаванне каля 4 тыс. дзяцей, якія страцілі бацькоў. Нягледзячы на зніжэнне колькасці сацыяльных сіротаў, якое адзначаецца з 2007 г., не атрымліваецца зменшыць колькасць дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія застаюцца без апекі бацькоў.

Старшыня інспекцыі ў справах няпоўнагадовых ГУУС Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава адзначае, што часцей за ўсё правы на дзіця забіраюць у бацькоў, якія маюць алкагольную або наркатычную залежнасць.

Адмысловыя камісіі складаюць спісы «нядобранадзейных» сямей, перыядычна наведваюць іх і глядзяць, у якіх умовах жывуць дзеці. «Калі бацькі сістэматычна не выконваюць патрабаванняў інспектараў, то бок працягваюць піць, не хадзіць на працу і гэтак далей, дзяцей забіраюць з сям’і. Бацькам даецца шанец на выпраўленне, але перш як дзіця ім вярнуць, яны мусяць прайсці медычную камісію і пацвердзіць сваю працаздольнасць, – адзначае чыноўніца. – На жаль, вельмі мала бацькоў праходзяць такую рэабілітацыю. За апошні год у Беларусі 3820 бацькоў пазбавілі правоў на дзіця, але толькі 380 з іх узнавілі свае правы».

«Цяпер у краіне рэалізоўваецца праграма скарачэння колькасці інтэрнатаў, якія зачыняюцца або змяняюць профіль, – кажа начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі Юрый Емяльяненка. – На сёння ў школах-інтэрнатах выхоўваюцца толькі 27 % дзяцей-сіротаў, астатнія ўладкаваныя ў прыёмныя і апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу». Чыноўнік дадае, што апошнім часам беларусы пачалі актыўней усынаўляць дзяцей – штогод каля 600 сіротаў бяруць на выхаванне новыя бацькі.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі налічваецца больш як 25 тыс. дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

belsat.eu

Стужка навінаў