69 дзён пратэстаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі


У Беларусі паслявыбарчыя пратэсты працягваюцца ўжо 69 дзён. Belsat.eu падводзіць вынікі дня.

Пераслед і арышты не спыняюцца

Адзін з кіраўнікоў стачкаму «Беларуськалія» Анатоль Бокун не выйшаў пасля таго, як адбыў 25 содняў арышту. Суддзя Алеся Серадзенка дадала актывісту яшчэ 15 содняў.

Стачкам «Беларуськалія» распавёў пра няшчасны выпадак, які замоўчвае кіраўніцтва прадпрыемства

Паводле стачкаму, 13 кастрычніка на Бярозаўскім рудніку ў машыны для перавозкі працаўнікоў адмовілі тармазы і аўтамабіль урэзаўся ў цалік. Рабочыя атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, але абышлося без ахвяраў. Колькасць пацярпелых пакуль невядомая.

Адныя ў працаўнікоў 3-га рудаўпраўлення. Фота – «Беларуськалій»

У Беларусі з 9 жніўня распачата больш за 400 крымінальных справаў за парушэнне грамадскага парадку.

Пра гэта заявіў генпракурор Андрэй Швед. Многія з гэтых справаў ужо на стадыі завяршэння папярэдняга расследавання.

Мікалай Карпянкоў, які ўзначальвае галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй лічыць, што на акцыі пратэсту выходзяць радыкалы. У выпадку, калі мітынгоўцы пачнуць аказваць актыўны супраціў, міліцыянты будуць ужываць зброю.

«Мы верым у гуманнасць закона, мы іх затрымаем. Вядома, калі яны будуць аказваць актыўны супраціў, мы вымушаны будзем выкарыстаць зброю дзеля таго, каб абараніць грамадзянаў, абараніць правапарадак, абараніць простых людзей, тых дзяцей, якія растуць, каб яны не бачылі вось гэтага гвалту. Не дамо ім разбурыць краіну. Мы, вядома, гуманна выкарыстаем у дачыненні да іх зброю, у тым ліку і агнястрэльную, і самых небяспечных востракапытных мы з вуліц прыбяром, – заявіў Карпянкоў.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Ён удакладніў, што агнястрэльная зброя будзе ўжывацца да любога, «хто падыме руку на працаўніка праваахоўных органаў».

Паводле яго словаў, людзі выходзяць на пратэсты і каб зарабіць грошы. Кіраўнік ГУБАЗіК заявіў, што бачыў «ўсе пратэстныя масы» на выбарах пачынаючы з 2001 года, «такіх амаральных, цынічных асобаў, якія сёння ўдзельнічаюць у пратэстах», ён не сустракаў.

У КДБ заявілі, што ў Беларусі рыхтуюцца правакацыі

«У апошнія дні мы атрымліваем з розных крыніцаў, у тым ліку за мяжой, ад нашых партнёрскіх спецслужбаў, інфармацыю пра правакацыі, якія рыхтуюцца ў нашай краіне. Мэта дадзеных дзеянняў – дэстабілізацыя сітуацыі ў нашай дзяржаве на фоне відавочнага змяншэння вулічнай актыўнасці і зрыву планаў па памкненням да працоўных калектываў, студэнцтва з мэтай інспірацыі пратэставага руху», – сказаў старшыня КДБ Іван Церцель.

Іван Церцель. Фота – kgk.gov.by

Паводле кіраўніка КДБ, па задуме арганізатараў дадзенай акцыі, а таксама іх куратараў за мяжой, плануецца абвінаваціць у цяжкіх наступствах сілавыя структуры Беларусі.

Студэнтаў, якія прапусцілі больш за 10 гадзінаў заняткаў, пазбавяць стыпендыі

Мінфін і Міністэрства адукацыі ўнеслі змены ў інструкцыю аб умовах і парадку прызначэння стыпендыяў. У прыватнасці, у інструкцыю ўнесеная норма, паводле якой на стыпендыю змогуць прэтэндаваць толькі тыя студэнты, якія прапусцілі не больш за 10 гадзінаў заняткаў без паважных прычынаў цягам месяца.

Адпаведны дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Святлана Ціханоўская працягвае сустрэчы з лідарамі краінаў Захаду

Святлану Ціханоўскую абвесцілі ў міждзяржаўны вышук паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Вядзецца пра абвінавачванні ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сетцы Інтэрнэт». Паводле артыкулу 361 Ціханоўскай пагражае ад 2 да 5 гадоў.

Але экс-кандыдат на прэзідэнта не хаваецца. Сёння, напрыклад, Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі МЗС Літвы, Латвіі, Эстоніі і Канады.

Міністры падтрымалі працяг ціску на рэжым у Беларусі і адзначылі, што санкцыі з іх боку будуць узмацняцца. Святлана падзякавала прадстаўнікоў Літвы, Латвіі і Эстоніі за тое, што іх краіны ўжо ўвялі свой пашыраны спіс санкцый.

Таксама міністры заявілі, што чакаюць даклад АБСЕ аб катаваннях у Беларусі. Тады яны змогуць пачаць працу ў напрамку пераследу ўсіх, хто быў датычны да гвалту.

Свтялана Ціханоўская з кіраўнікамі МЗС.
Фота: ТГ-канал Святланы Ціханоўскай

Асобна Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Канады Франсуа-Філіп Шампаням і заклікала ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі з усіх бакоў, у тым ліку і з боку сусветнай супольнасці.

Прававы дэфолт

Каардынацыйная рада канстатуе, што ў Беларусі адбыўся прававы дэфолт

«Падзеі апошніх месяцаў прывялі краіну да стану прававога дэфолту: улада ўсё яшчэ сцвярджае, што Беларусь – прававая дзяржава, але грамадзяне ўжо даўно не вераць у гэта. Тым больш, што на працягу двух месяцаў пасля выбараў у краіне працягваецца гвалт над мірнымі пратэстоўцамі».

У КР адзначаюць, што людзей на вуліцах працягваюць збіваць і пры гэтым у краіне не было распачата ніводнай крымінальнай справы па факце гвалту над грамадзянамі.

«Каардынацыйная рада настойвае на мірным вырашэнні праблем беларускага грамадства. Мы супраць гвалту ў любой яго праяве! Беларусь павінна вярнуцца ў прававое поле!»

Марыя Калеснікава пракаментавала візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ

Адвакату Марыі Калеснікавай удалося атрымаць новыя каментары адносна суботняй сустрэчы ў СІЗА КДБ і абмеркавання зменаў у Канстытуцыю.

«Марыя лічыць, што ніякага дыялогу ў такіх умовах быць не можа. Перагаворшчыкі павінны знаходзіцца ў роўных умовах. Гаварыць аб выніках перамоваў немагчыма, пакуль усе палітвязні ня адпушчаныя і знаходзяцца ў турме. Такі крок паказвае слабасць дзейнай улады. На жаль, не пачутыя патрабаванні народа, хоць усе апошнія месяцы нястомна гаварылася аб неабходнасці дыялогу і кампрамісы».

Працягваецца ўцечка мазгоў з Беларусі. Напярэдадні прагучала інфармацыя, што з Менску з’ехалі ва Украіну 1200 ІТ-спецыялістаў. Да гэтага з пачатку пратэстаў з Беларусі ў Польшчу пераехалі каля 800 беларускіх айцішнікаў

Меркаванні
Калі АМАП слабее, ён становіцца больш агрэсіўным і б’е ўсляпую
2020.10.16 20:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў