Польшча: праваахоўнікі кормяць бяздомнікаў


У Варшаве гарадскія ўлады дапамагаюць бяздомнікам – адмысловыя патрулі службы аховы парадку развозяць ім гарачую ежу.

Інспектар дарожнага руху Катажына Вансоўска і яе калега перад дзяжурствам кладуць у машыну кантэйнеры з хлебам і гарачым супам. Калі яны прыязджаюць у парк у прыгарадзе Варшавы, там іх ужо чакаюць бяздомнікі.

Вітальд жыве ў намёце, ён гаворыць, што не збіраецца нават у такія маразы з’язджаць адсюль у горад, дзе можна было б знайсці месца ў прытулку. «Мы тут ужо чатыры гады, зімою, вядома, цяжка. Дзякуючы паліцыі, якая прывозіць гарачую ежу, неяк трымаемся. Мы тут ужо прызвычаіліся, зашмат рэчаў прыватных, і трэба за імі глядзець», – гаворыць ён.

Паводле польскай паліцыі, у чацвер стала вядома яшчэ пра дзевяць смерцяў ад пераахалоджвання. У выніку з апошніх выходных, калі ў Польшчы ўдарылі маразы, гэтая лічба склала 29 ахвяраў. Большасць загінулых – гэта бяздомнікі, як Вітальд.

«Як і штогод, паліцыя праводзіць акцыі для людзей, якім патрэбная дапамога, і для бяздомнікаў. Развозім цёплую ежу. Выдаем каля 60 порцыяў для такіх людзей, супрацоўнічаем са службаю сацыяльнай апекі, працаўнікі якой разам з намі адведваюць гэтых людзей. Прывозім ім пледы і коўдры», – распавядае Катажына Вансоўска.

Але нават з улікам дапамогі ад гарадскіх уладаў рызыка для бяздомнікаў, што жывуць у самаробных намётах, застаецца вельмі вялікаю. Іх немагчыма змусіць пераехаць у прытулак, таму дабрачынныя арганізацыі ды гарадскія ўлады спрабуюць дапамагчы ім на месцы.

belsat.eu

Стужка навінаў