Мацкевіч: Пазіцыя ЕЗ наконт санкцыяў бліжэйшым часам не зменіцца


Палітолаг упэўнены, што еўрапейскія палітычныя структуры не маюць падставаў для змянення жорсткай палітыкі ў адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. На скарачэнне чорнага спісу афіцыйны Менск можа не спадзявацца.

З ініцыятываю перагляду спісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Еўразвяз, выступіў «Офіс за дэмакратычную Беларусь» (Брусэль). Сярод асобаў, якіх прапаноўваецца «рэабілітаваць», – рэктары беларускіх універсітэтаў, што спрычыніліся да выключэнняў студэнтаў паводле палітычных матываў, а таксама «гаманец Лукашэнкі» – бізнесовец Уладзімір Пефціеў.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч упэўнены, што гэта «лабістская акцыя», пры гэтым, на думку эксперта, эфектыўнасць гэтай акцыі – сумнеўная. «Давайце прызнаем фактам, што гэтая ініцыятыва зыходзіць з боку невялічкай колькасці людзей, неўплывовых, трэба сказаць. І казаць пра тое, што гэтая ініцыятыва паўплывае на пазіцыю Еўразвязу, Еўракамісіі, Еўрапарламенту, пакуль не магчыма», – падкрэсліў ён.

Палітычнае рашэнне пра візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні Беларусі Рада Еўразвязу прыняла 31 студзеня 2011 г. у Брусэлі, калі міністры замежных справаў краінаў ЕС зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю Еўразвязу, а іхныя рахункі і маёмасць у краінах ЕЗ павінны быць замарожаныя. Спачатку ў спісе было 158 імёнаў. Потым Рада ЕЗ неаднаразова пашырала гэты пералік, і цяпер уезд у краіны Еўразвязу забаронены больш як 200 беларускім чыноўнікам.

belsat.eu

Стужка навінаў