Павел Вінаградаў у «Гарачым каментары»


“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выступіў за скарачэнне чорнага спісу беларускіх чыноўнікаў. А таксама за перагляд крытэрыяў далучэння да яго. Сваю ініцыятыву офіс патлумачыў неэфектыўнасцю візавых санкцыяў і найперш тым, што яны не ўплываюць на сітуацыю ў нашай краіне. Заява ужо знайшла як прыхільнікаў, так і крытыкаў.

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” прапаноўвае выключыць са спісу рэктараў універсітэтаў, некаторых журналістаў і тых прадстаўнікоў уладаў, якія ўжо пазбавіліся пасадаў.

Перагляд спісу дасць дакладны сігнал, што Еўразвяз не спрабуе ізаляваць Беларусь, тлумачаць прадстаўнікі арганізацыі. Але пры гэтым падкрэсліваюць: адначасова з выключэннем адных чыноўнікаў у спіс трэба дадаць іншых. Тыдзень таму міністры замежных справаў Еўразвязу пашырылі крытэрыі для ўключэння беларускіх чыноўнікаў у спіс асобаў, што падпадаюць пад санкцыі. З неафіцыйных крыніцаў вядома, што цяпер разглядаецца пытанне пра далучэнне да спісу яшчэ 135 асобаў, а таксама магчымасць пашырыць пералік беларускіх прадпрыемстваў, чые актывы замарозяць і аперацыі з якімі будуць забароненыя.

Былы палітвязень катэгарычна супраць скарачэння спісу неўязных.

“Адзінае, што магло б змяніць маё меркаванне, гэта тое, што насамрэч існуе нейкая кулуарная дамова паміж Менскам і Захадам: што, груба кажучы, мы прыбіраем са спісу гэтых і гэтых людзей, а афіцыйны Менск вызваляе палітвязняў”, – кажа Вінаградаў.

Павел Вінаградаў зазначае, што ўвесь спіс неўязных не ёсць нейкім сур’ёзным ціскам на рэжым, і выступае за кропкавыя эканамічныя санкцыі.

“Што датычыць гэтых спісаў, гэта для мяне такое асабістае – людзі, з-за якіх я сядзеў у турме, – можа, так і нельга казаць, – але мне насамрэч прыемна, што яны не могуць ездзіць у Еўропу. Хоць нядаўна Куляшоў ездзіў – таксама трэба паглядзець, ці працуюць увогуле гэтыя санкцыі”, – кажа Павел Вінаградаў.

belsat.eu

Стужка навінаў