Чавусаў: Байкот – не супрацьдзеянне рэжыму, а барацьба за лідарства ўнутры апазіцыі


Паводле палітолага Юрыя Чавусава, мэты апазіцыі, якіх яна хоча дасягнуць шляхам байкоту, не ёсць супрацьдзеяннем уладам, але ляжаць у сферы ўзаемадзеяння структураў унутры апазіцыі.

“Мы бачым, што аформіліся два цэнтры, якія ў значнай ступені канкуруюць. А з другога боку, на тле ўзаемнай крытыкі адчуваецца, што стратэгічна яны прапаноўваюць не розныя шляхі, а розныя варыянты аднаго шляху. Гэта барацьба за лідарства ўнутры апазіцыі, хоць падыход да выбараў прыблізна аднолькавы: выкарыстаць выбары дзеля вызвалення палітвязняў”, – кажа Юрый Чавусаў.

Сёння, 2 лютага, у Менску прайшла прэс-канферэнцыя падстаўнікоў ініцыятыўнай групы для правядзення кампаніі байкоту парламенцкіх выбараў.

Як нагадаў адзін з сябраў групы Віктар Івашкевіч, яшчэ летась на пачатку сакавіка Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Казулін, Яўген Афнагель, Павел Марыніч і сам Івашкевіч звярнуліся да грамадскасці з артыкулам “Байкот дыктатуры – стратэгія перамогі”. “У ім мы казалі, – падкрэсліў палітык, – што ў нас ёсць год на тое, каб правесці эфектыўную кампанію байкоту, ізаляваць улады і вымусіць іх неадкладна вызваліць палітвязняў і пачаць перамовы з апазіцыяй аб правядзенні свабодных выбараў”.

Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч прывёў звесткі апытання, якое зрабілі незалежныя сацыёлагі. Паводле іх, толькі 6 % апытаных лічаць, што выбары будуць сумленныя. 28 % рэспандэнтаў мяркуюць, што выбары будуць з маніпуляцыямі, яшчэ 12 % – што з вялікімі маніпуляцыямі ды фальшаваннямі. Пакуль не ведаюць, што адказаць, – 30 % апытаных. Ці зменяць парламенцкія выбары 2012 г. жыццё беларусаў да лепшага? 42 % апытаных лічаць, што, хутчэй за ўсё, не; 24 % – безумоўна, не. “Такім чынам, ужо 66 % людзей не вераць гэтым выбарам, – падсумоўвае Фядыніч, – але калі іх пытаюць, ці пойдзеце вы на выбары, то 51 % кажа, што будуць удзельнічаць”.

Паводле былога палітвязня Аляксандра Атрошчанкава, апытанні паказваюць, што народ не хоча ісці на выбары, не разумее іх значэння, не ведае сваіх прадстаўнікоў у парламенце. “Такой самай пазіцыі прытрымліваюцца ўсе здаровыя палітычныя сілы, – упэўнены палітык, – а прапаноўваць народу нейкі сурагат – удзел, а потым зняцце кандыдатаў – гэта, на мой погляд, пацучыная валтузня, абразлівая ў дачыненні тых людзей, якія сёння сядзяць у турме”.

Віктар Івашкевіч пакрэсліў, што ўлады “не хочуць і не ўмеюць працаваць у сучасных умовах”, але “ўвосень яны паспрабуюць загнаць нас пагрозамі на новыя выбары, дзе ўсё загадзя вызначана”.

belsat.eu

Стужка навінаў