Інтэрпол не папярэдзіў пра Міхалевіча нікога, апрача... Беларусі


Генеральны сакратарыят Інтэрполу ў Ліёне не паведаміў ні Польшчы, ні іншым 186 дзяржавам-партнёрам, што запыт на затрыманне Алеся Міхалевіча палітычна матываваны, а таму яго можна лічыць несапраўдным. Пра гэта тэлеканал «tvn24» даведаўся ад кіраўніцтва польскай паліцыі.

Летась 12 снежня польскія памежнікі затрымалі экс-кандыдата на прэзідэнцтва Алеся Міхалевіча ў варшаўскім аэрапорце. У той жа дзень, пасля ўмяшання Міністэрства замежных справаў Польшчы, яго адпусцілі. Падставаю для затрымання аказаўся запыт афіцыйнага Менску, распаўсюджаны па лініі Інтэрполу. На наступны дзень пасля скандалу высветлілася, што яшчэ летам 2011 г. гэтая міжнародная арганізацыя прызнала запыт палітычна матываваным. Чаму ж тады затрымалі Міхалевіча?

Польскае Міністэрства ўнутраных справаў спаслалася на тое, што афіцыйнай Варшаве інфармацыю не перадалі, і паабяцала спраўдзіць, чаму так адбылося. Аднак міністр унутраных справаў Яцэк Ціхоцкі (Jacek Cichocki) цягам двух месяцаў так і не сустрэўся з генеральным дырэктарам Інтэрполу ў гэтай справе.

Як даведаліся журналісты «tvn24» ад кіраўніцтва польскай паліцыі, Генеральны сакратарыят Інтэрполу перадаў інфармацыю пра тое, што справу Міхалевіча трэба лічыць палітычна матываванаю, толькі у… бюро Інтэрполу ў Менску. Апошняе, як і трэба было чакаць, не паінфармавала пра гэта астатнія краіны. Праўда, калі польская паліцыя сама звязалася з беларускім Інтэрполам пасля затрымання Алеся Міхалевіча, Менск прызнаў: Генеральны сакратарыят загадаў лічыць справу палітычна матываванаю.

Хто ж вінаваты ў сітуацыі: Ліён ці Варшава? Пра гэта польскія журналісты некалькі тыдняў таму запыталі Генеральны сакратарыят Інтэрполу. Адказу дагэтуль няма.

belsat.eu

Стужка навінаў