Торф можа ўдарыць па іміджы Беларусі


Бярэзінскі запаведнік ды іншыя прыродаахоўныя заказнікі могуць знікнуць, калі пачнецца здабыча торфу на іх тэрыторыях. Беларускія эколагі заклікаюць урад адмяніць пастанову № 794, згодна з якою перспектыўныя радовішчы торфу могуць месціцца на асабліва ахоўваных прыродных тэрыторыях.

«Гэта не столькі экалагічная праблема, колькі міжнародная. Беларусь можа страціць падтрыманне шматлікіх прыродаахоўных фондаў, бо ў гэтыя тэрыторыі ўжо ўкладзеныя грошы розных міжнародных арганізацыяў. Гэта будзе вялікаю стратаю для іміджу Беларусі, не зразумела, як можна асушаць Бярэзінскі запаведнік для здабычы торфу», – падкрэсліў загадчык сектару біярэсурсаў Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі Аляксандр Казулін.

Адклікаць пастанову прапаноўваюць і сябры аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны». «Яна не паслядоўная, бо не стасуецца з праграмаю «Торф» і схемаю рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўваных тэрыторыяў», – лічыць дырэктар арганізацыі Віктар Фянчук.

Аб’ёмы здабычы торфу павялічваюцца, каб з яго дапамогаю забяспечыць не менш за 25 % аб’ёму вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Шэраг экспертаў кажа, што выкарыстанне торфу ў якасці крыніцы энергіі – састарэлая тэхналогія і нерацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. У еўрапейскіх краінах (напрыклад, Фінляндыі) торф здабываецца толькі на раней асушаных тэрыторыях ды ідзе на комплексную перапрацоўку, выкарыстоўваецца ў якасці субстрату для раслінаў.

Да сярэдзіны ХХ ст. тарфяныя балоты займалі 14,2 % тэрыторыі Беларусі (2,9 млн га). Падчас меліярацыі асушылі 1,2 млн га, большасць асушаных балотаў цяпер у небяспечным стане, штогод на іх адбываюцца ад 2 да 8 тыс. тарфяных пажараў.

belsat.eu

Стужка навінаў