У Латвію – паводле спрошчанай схемы


Сёння пачынаецца выдача дазволаў на перасячэнне мяжы паміж дзвюма краінамі для жыхароў памежных тэрыторыяў. Гэта мае спрасціць парадак паездак.

Жыхары памежных тэрыторыяў Беларусі і Латвіі будуць наведваць памежныя тэрыторыі без візаў, з дазволам на мясцовы памежны рух. Гэты дакумент будзе выдавацца на падставе спісу жыхароў памежных тэрыторыяў: для Беларусі – у генеральным консульстве ў Даўгаўпілсе, а для Латвіі – у консульстве ў Віцебску. У снежні 2011 г. мясцовыя ўлады пачалі складаць спісы жыхароў, якія маюць права на атрыманне такіх дазволаў. Паводле кіраўніцы консульства Латвіі ў Віцебску Дагніі Лацэ-Атэ, з беларускага боку ў іх увайшлі каля 200 чалавек, а з латвійскага – прыкладна 4 тыс. асобаў.

«Спісы не канчатковыя, грамадзяне могуць падаваць заяўкі пры неабходнасці, яны будуць абнаўляцца кожныя тры месяцы», – падкрэсліла прадстаўніца консульства.

Дамовы дзеюць для жыхароў памежжа, якія стала жывуць там не менш за год, а таксама асобаў, якія вядуць з імі гаспадарку: сужэнцы, бацькі, бабулі і дзядулі, непаўналетнія дзеці і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзянаў, якія жывуць на памежнай тэрыторыі менш за год.

Абгрунтаваннем для выдачы дазволу можа быць удзел на рэгулярнай аснове ў культурных, адукацыйных, навуковых і спартовых імпрэзах, якія праводзяцца абедзвюма дзяржавамі, валоданне нерухомасцю, наведванне сваякоў, цяжкая хвароба або смерць сваякоў, наведванне магілаў, атрыманне медычнай дапамогі, удзел у імпрэзах, звязаных з мясцовымі традыцыямі і рэлігійнымі абрадамі, ажыццяўленне рэгулярных кантактаў у сферы гаспадарчай дзейнасці без права вядзення працоўнай дзейнасці.

Консульскі збор за выдачу дазволу складае 20 еўраў, але ад яго вызваляюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, пенсіянеры ды інваліды. Дазвол на памежны рух будзе выдавацца тэрмінам ад 1 да 5 гадоў, падчас яго дзеяння асоба не можа правесці на тэрыторыі іншай дзяржавы больш за 90 дзён цягам 6 месяцаў.

Як патлумачылі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі, для атрымання дазволу трэба падаць у консульства пашпарт, які мусіць быць не старэйшы за 10 гадоў і тэрмін дзеяння якога большы, чым тры месяцы пасля сканчэння дзеяння дазволу, а таксама спецыяльную анкету. Яе можна запоўніць у консульстве або раздрукаваць з адпаведнага сайту.

Пад дзеянне дамовы трапляюць жыхары шэрагу беларускіх населеных пунктаў, сярод якіх гарады Верхнядзвінск, Мёры і Браслаў.

belsat.eu

Стужка навінаў