Маршруткі Менску плануецца аб’яднаць у адзіны дыспетчарскі цэнтр


На думку гарадскіх уладаў, стварэнне цэнтру палепшыць якасць працы ды забяспечыць рэгулярнасць перавозак. Неўзабаве чакаецца прыняцце нарматыўнага акту, які будзе рэгламентаваць пытанні дыспетчарскага абслугоўвання маршрутных таксі.

“Неабходна стварыць адзіную кампанію, якая злучыць усіх індывідуальных перавозчыкаў. Буйная кампанія будзе працаваць больш стабільна. У 2012 г. мы пабудуем дыспетчарскі цэнтр для маршрутных таксовак. Цяпер супольна з гарвыканкамам выбіраем пляцоўку дзеля будоўлі”, – адзначыў дырэктар ДУ “Сталічны транспарт і сувязь” Валерый Шкуратаў.

Эксперт адзначыў, што рашэнне пра аб’яднанне прымуць самі кампаніі, якіх у Менску больш за сто. Перавозчыкі будуць месціцца на адзінай тэрыторыі, дзе паўстане іх вытворчая база – там яны займеюць магчымасць абслугоўвацца і рыхтаваць транспарт.

“Ці далучаць уласную кампанію да дыспетчарскага цэнтру, я буду вырашаць з увагі на эканамічныя прычыны, – толькі калі маёй фірме будзе ад гэтага нейкая выгада. Магчыма, новаўвядзенне сапраўды прыцягне больш пасажыраў, але цяпер у нашай галіне зацішша. З-за росту кошту квіткоў колькасць менчукоў, што замест аўтобусаў ездзяць маршруткамі, значна скарацілася. Гэтай тэндэнцыі спрыяе і зімовы перыяд – некаторыя прыгарадныя рэйсы амаль мёртвыя. Я нават падумваю сыходзіць у нейкі іншы бізнес”, – адзначыў дырэктар АДА “Мінэкспрэс”.

belsat.eu

Стужка навінаў