«Кааліцыя шасці» – чарговае безвыніковае спатканне


Чакалася, што сёння лідары кааліцыі абвесцяць пра падпісанне дэкларацыі “Аб грамадскай дыскусіі, аб мэтах і формах ўдзелу беларускай апазіцыі ў выбарах 2012 г.”. Адмыслова дзеля гэтага на 12.00 была прызначаная прэс-канферэнцыя.

Аднак пасля нарады, якая доўжылася прыкладна паўгадзіны, журналістам паведамілі, што ўзгадніць пазіцыяў не ўдалося.

У “Кааліцыю шасці” ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Партыя БНФ, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, аргкамітэт стварэння партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), рух “За cвабоду” і грамадзянская кампанія “Гавары праўду!”.

Як заявіў журналістам сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, тэкст дэкларацыі быў падрыхтаваны рухам “За свабоду”, але ўзгоднены не з усімі ўдзельнікамі кааліцыі.

У сваю чаргу, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч заявіў, што менавіта гэты тэкст раней абмяркоўваўся на пасяджэннях кааліцыі. У выніковым варыянце, паводле яго, сталі больш выразна прапісаныя палажэнні аб умовах, якія выстаўляюцца ўладам, а таксама аб зняцці кандыдатаў у дэпутаты перад датэрміновым галасаваннем.

Як падкрэсліў Губарэвіч, дэкларацыю сёння гатовыя былі падпісаць усе ўдзельнікі кааліцыі, акрамя БХД.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што ўдзельнікі кааліцыі паспрабуюць правесці новы раўнд перамоваў і ўзгадніць тэкст дэкларацыі.

Як вынікае з дэкларацыі, удзельнікі кааліцыі зыходзяць з таго, што ў краіне адсутнічае легітымны механізм выбараў.

“Права на выбар замененае яго імітацыяй, а сам электаральны працэс ператварыўся ў фарс – прычым дзяржава нават не лічыць неабходным гэтага хаваць. Дэмакратычныя сілы гатовыя да сумленнай барацьбы за дэпутацкія мандаты, але на сапраўдных свабодных выбарах”, – гаворыцца ў дакуменце.

Разам з тым удзельнікі кааліцыі лічаць, што прапісаная ў заканадаўстве працэдура ёсць адзінаю законнаю магчымасцю на працягу трох месяцаў штодня весці “поўнамаштабны дыялог” з выбарцамі – не толькі даваць ацэнкі таму, што адбываецца ў краіне, але і выслухаць людзей.

Менавіта такі дыялог, а не “фармальнае дэпутацтва”, кааліцыя лічыць “адзінаю мэтаю свайго ўдзелу ў выбарах 2012 г.”.

Першачарговаю задачаю ўдзельнікі кааліцыі бачаць каардынацыю дзеянняў прыхільнікаў розных формаў удзелу ў выбарах. “Як прыхільнікі выкарыстання вызначанай законам працэдуры, так і прыхільнікі яе байкоту мусяць перайсці ад мовы ўльтыматумаў да мовы дыялогу, таму мы прапаноўваем правесці публічнае абмеркаванне сітуацыі”, – падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

На думку прадстаўнікоў кааліцыі, усе формы ўдзелу ў палітычным працэсе на сённяшнім этапе “на тры чвэрці супадаюць”. “Нават для паўнавартаснай арганізацыі байкоту нам неабходна вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, арганізоўваць назіранне, а калі неабходна, і вылучаць кандыдатаў”, – адзначаецца ў дакуменце.

Дэкларацыя патрабуе неадкладна вызваліць палітвязняў. “Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі зняць свае кандыдатуры пасля выкарыстання ўсіх магчымасцяў агітацыйнай кампаніі за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання ў выпадку, калі да таго часу ўсё 15 палітвязняў не будуць вызваленыя, або калі ў краіне з’явяцца новыя палітычныя зняволеныя”, – падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Парламенцкія выбары ў Беларусі маюць прайсці не пазней за 25 верасня. Выбарчая кампанія распачнецца ў чэрвені.

belsat.eu

Стужка навінаў