Бібліятэкі атрымліваюць на мастацкую літаратуру $ 4 на год


Чыноўнікі ж збіраюцца папулярызаваць чытанне менавіта ў бібліятэках: 2012-ты абвешчаны ў Беларусі годам кнігі.

Паводле галоўнага спецыяліста кіраўніцтва культуры Мінаблвыканкаму Таццяны Краўчонак, цягам года плануецца ладзіць кніжныя выставы, чытанні, творчыя сустрэчы і вечары. Літаратурная тэма будзе прысутнічаць у календары падзеяў культурнай сталіцы Беларусі 2012 года – Нясвіжы. Пышныя імпрэзы плануюцца да святкавання 130-годдзя са дня народзінаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

“Ідэя абвесціць 2012 – годам кнігі, відавочна, у кіроўных колах з’явілася спантанна, – піша ў сваім блогу беларускі пісьменнік Андрэй Жвалеўскі. – Чыноўнікі ўспамінаюць пра кнігу толькі па загадзе зверху. Апытанне, якое праводзіла выдавецтва “Мастацкая літаратура”, сведчыць, што на набыццё мастацкай літаратуры школьныя бібліятэкі Менску атрымліваюць толькі 4 долары на год”.

Тым часам кіраўнік Беларусі ў кастрычніку заявіў, што для яго не існуе большых каштоўнасцяў за кнігу: “Я страшна баюся страціць кнігу. Не толькі мы ў гэтым вінаватыя, увесь свет ідзе ў такім кірунку. Для мяне гэта трагедыя. Для мяне няма нічога больш каштоўнага за кнігу”.

Выдаўцы даўно скардзіліся, што іхная галіна перабывае ў крызісным стане. Паводле ацэнак экспертаў, калі сёння ўсе выдавецтвы Беларусі спыняць сваю дзейнасць, то надрукаваных кніг хопіць на пяць гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў