На што гатовы Менск, каб стаць бліжэй да Бруселю?


Еўразвяз чакае ад Беларусі рэформы Выбарчага кодэксу, вызвалення палітзняволеных, свабоды прэсы і няўрадавых арганізацыяў, адмены смяротнага пакарання. На меркаванне беларускіх незалежных экспертаў, прымальнымі для афіцыйнага Менску ёсць толькі тыя ўмовы, што не нясуць пагрозы для існага рэжыму.

На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, улады сёння гатовы ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і даць невялікія паслабленні трэцяму сектару. Крокі ў астатніх кірунках, калі і будуць рабіцца, будуць дазаванымі, і ўсё па-ранейшаму застанецца пад жорсткім кантролем, мяркуе палітолаг.

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч указвае на тое, што відавочна палітычна матываванага пераследу прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў апошнім часам было значна менш, колькасць адміністратыўных арыштаў таксама знізілася. Аднак праваабаронца звязвае гэта з тым, што падчас выбараў такія паводзіны выгадныя ўладзе. “Законы, што рэгулююць жыццё грамадства, застаюцца рэпрэсіўнымі. Вось гэта трэба мяняць у першую чаргу”, – упэўнены Валянцін Стэфановіч.

На меркаванне экспертаў, Выбарчы кодэкс – гэта апошняя цытадэль, якую можа здаць улада, бо гэта гарантыя яе стабільнага існавання. Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што Еўразвяз пачынаў з тузіна ўмоваў, цяпер гэты спіс скараціўся да пяці. “І Менск і Брусель зацікаўленыя працягваць дыялог, а не зрывацца на канфрантацыі, таму бакі ідуць на пэўныя саступкі”, – тлумачыць палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў