Рэканструкцыя Камянецкай вежы выклікае пытанні


У Камянецкім райвыканкаме абмеркавалі планы рэканструкцыі помніка. Збіраюцца аднавіць і адрамантаваць пляцоўку ў раёне Камянецкай вежы, на ўваходзе ў комплекс, у самім данжоне і адміністратыўным будынку.

Кошт працаў пакуль не агучваецца, бо яшчэ не завершаны дэталёвы праект. Плануецца замяніць асфальт перад вежаю на плітку, вакол валу паставіць парэнчы, якія б засцераглі наведнікаў ад падзення ў роў. На ўваходзе маюць з’явіцца прыступкі з бардзюрамі, паставяць ліхтары. Сам данжон чакаюць тэхнічныя працы – замена вадасцёку і ўцяпленне даху.

“Можна толькі ўхваліць памкненне мясцовых уладаў прывесці помнік у належны стан. Заклапочанасць гісторыкаў выклікае той факт, ці не страціць вежа частку сваёй гістарычнай каштоўнасці пасля правядзення рэстаўрацыі. Каб зрабіць высновы, неабходна дачакацца дэталёвага праекту, зрабіць навуковыя росшукі”, – адзначыў кіраўнік ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў, гісторыі ды культуры” Антон Астаповіч.

Асобны пункт рэканструкцыі – адміністратыўны будынак музею. Сёння ён існуе ў выглядзе двухпавярховага драўлянага доміка дачнага кшталту, у якім месціцца каса і службовыя памяшканні. Будынак плануюць перапланаваць, пашырыць памяшканні ды адкрыць у ім сувенірную краму.

“Камянецкая вежа, відавочна, ёсць адным з сімвалаў Беларусі, вакол яе муроў не адно стагоддзе нашыя продкі баранілі сваю незалежнасць. Спадзяюся, рэстаўрацыйныя працы не нашкодзяць помніку, а дазволяць годна захаваць нашую спадчыну, да таго ж зробяць яго больш прывабным для турыстаў”, – кажа гісторык Георгій Пракаповіч.

belsat.eu

Стужка навінаў