68-ы дзень пратэстаў. Марш інвалідаў, пераслед адвакатаў і акцыі шахцёраў


У Беларусі паслявыбачыя пратэсты грамадства працягваюцца ўжо 68 дзён. Belsat.eu падводзіць вынікі гэтага дня.

Працаўнік «Беларуськалію» Аляксандр Курбан адмовіўся выходзіць на паверхню. Рабочы прыкаваў сябе пасля начной змены. Ягоныя асноўныя патрабаванні – падвысіць узровень заробку, спыніць ціск на працаўнікоў і прафсаюз і правесці новыя выбары.

Alaksandr
Аляксандр Курбан.
Фота: Telegram-канал stachkom

Пасля паведамлення пра акцыю працаўніка, у шахту спусціліся міліцыянты і лекары. Аляксандра Курбана паднялі на паверхню і ў прысутнасці працаўнікоў МУС адвезлі ў дыспансер.

Пазней шахцёр Аляксандр Курбан сваю акцыю пракаментаваў, што калі змаўчаць цяпер, то замаўчым назаўсёды.

Аляксандр – ужо трэці працаўнік «Беларуськалія», які пайшоў на такі крок. А вечарам стала вядома, што адзін з працаўнікоў «Беларуськалію» адмовіўся прымаць змену і зрабіў у кнізе выдачы заданняў допіс аб сыходзе ў стачку па палітычных матывах.

Марш інвалідаў

У Менску людзі з інваліднасцю зладзілі марш супраць дыктатуры, гвалту і хлусні.

Сярод удзельнікаў маршу інваліды-калясачнікі, у тым ліку пацярпелы пры разгоне мірных дэманстрантаў у першыя дні пратэстаў мужчына, якому ампутавалі ступню.

Марш людзей з інваліднасцю распачаўся ад Чырвонага касцёла і скончыўся каля ГУМА. Не абышлося без затрыманняў. Міліцыянты схапілі Алега Граблеўскага, юрыста Офісу правоў людзей з інваліднасцю.

Марш людзей з абмежаванай мабільнасцю. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Чорны спіс павялічыўся

Канада ўвяла санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Такім чынам чарговая краіна свету адрэагавала на масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Раней у чорны спіс Канады патрапіў Лукашэнка з сынам Віктарам, а таксама кіраўнікі МУС.

Санкцыі супраць чыноўнікаў Беларусі ўвялі краіны ЕЗ, Украіна, Швейцарыя, Канада, Вялікая Брытанія, ЗША.

«Гэта быў здзек»

Алена Леўчанка распавяла пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна. Баскетбалістка сёння выйшла на свабоду пасля 15 дзён зняволення.

Алену Леўчанку пасля адбывання 15 дзён адміністрацыйнага арышту зноў судзілі. Падчас паседжання яна распавяла пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

«Хачу распавесці пра ўмовы. Яны ставяць пад пагрозу мой стан здароўя. Канфіскаваныя матрац і бялізна. Няма гарачай вады. Не вадзілі ў душ апошнія 13 дзён. Адключылі зліў у прыбіральні. Гэта рассаднік бактэрый. Аднойчы не вадзілі на шпацыр 5 дзён. Зʼявіліся вошы. Усё гэта падрывае маё здароўе. І ўяўляе пагрозу яму», – распавяла баскетбалістка ў інтэрв’ю YouTube-каналу Onliner Belarus.

Суд завяршыўся тым, што Алене Леўчанцы далі штраф у памеры 30 базавых велічыняў (Br 810), але баскетбалістку вызвалілі. Родным і блізкім не далі сустрэць Алену, яе адвёз да дома міліцыянт у чорным.

Пераслед адвакатаў

Аляксандр Пыльчанка, які з’яўляецца абаронцам Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай застаўся без ліцэнзіі адваката. Акрамя таго, кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі пазбавіла сёння ліцэнзіі і Юлію Леванчук, абаронцу збітага ўладальніка кветкавай крамы Максіма Харошына.

У Мінюсце камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пастанавіла, што адвакаты застануцца без ліцэнзіі, паколькі да іх выказванняў ёсць прэтэнзіі. У прыватнасці, прэтэнзіі да Аляксандра Пыльчанкі ў тым, што адвакат раней у каментары TUT.BY распавёў пра паўнамоцтвы генпракурора і якія захады ён можа зрабіць у справе збіцця людзей 9-12 жніўня ў РУУС і ІЧУ.

Адвакат Аляксандр Пыльчанка.
Фота: Беларуская калегія адвакатаў

Адвакат у публікацыі на партале распавёў, што генпракурор павінен распачаць крымінальныя справы па фактах збіцця мірных грамадзянаў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі. Мала таго, адвакат распавёў, што генеральны пракурор абавязаны адхіліць ад пасадаў міністра ўнутраных справаў, яго намеснікаў і начальніка ІЧУ.

Прычынаю спыненне адвакацкай ліцэнзіі Юліі Леванчук стала яе асабістая перапіска з следчымі. Прэс-служба Міністэрства юстыцыі заявіла, што адвакатка Леванчук «з’явілася ініцыятарам перапіскі са следчым, у якой дапусціла пагрозы ў яго адрас і ў адрас членаў ягонай сямʼі».

Уцечка мазгоў

З пачатку пратэстаў з Беларусі ва Украіну пераехалі каля 1200 беларускіх айцішнікаў. Такую лічбу назваў намеснік міністра па лічбавай трансфармацыі Украіны Аляксандр Барнякоў. Ён удакладніў, што хваля ІТ-адмыслоўцаў, якія зʼязджаюць з Беларусі ва Украіну, расце, таму што «сітуацыя не супакойваецца».

Hавiны
У Кыргызстане паўнамоцтвы прэзідэнта перайшлі да прэм’ер-міністра
2020.10.15 21:29

СК belsat.eu

Стужка навінаў