Уладзімір Лабковіч у «Гарачым каментары»


Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйнай скаргі кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. А прысуд праваабаронцу застаецца без зменаў.

Грамадскасць сабрала грошы, якія праваабаронца нібыта завінаваціўся дзяржаве: паводле ацэнкі суда, гэта каля 90 тысяч долараў. Было спадзяванне, што выплата станоўча паўплывае на разгляд касацыйнай скаргі. Але…

Праваабаронцу асудзілі на чатыры з паловаю гады з канфіскацыяй маёмасці паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падставаю для арышту сталі звесткі пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, перададзеныя беларускаму боку чыноўнікамі Літвы і Польшчы.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што пасля выплаты “стратаў” Алесь Бяляцкі можа быць вызвалены. Тым не менш справа аказалася не ў грошах. Маёмасць Бяляцкага канфіскоўваецца дзеля таго, каб праваабаронцы не мелі офісу. Яны мусяць пакінуць яго ўжо сёння, 24 студзеня.

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Уладзімір Лабковіч кажа, што калегі Алеся Бяляцкага спадзяваліся на змякчэнне прысуду. Ён падкрэслівае, што канфіскацыя маёмасці ў гэтым выпадку парушае заканадаўства. Гэта, а таксама факт кампенсацыі шкоды, нібыта нанесенай кіраўніком «Вясны» краіне, давалі падставы спадзявацца на мякчэйшае рашэнне суда.

Суразмоўца мяркуе, што Бяляцкі ды ягоны адвакат звернуцца з нагляднаю скаргаю на рашэнне Менскага гарадскога суда. Праходжанне ўсіх інстанцыяў будзе падставаю для змагання ўжо на міжнародным узроўні.

Калегі Бяляцкага спадзяюцца таксама на эфект ад грамадзянскай кампаніі падтрымання кіраўніка «Вясны» ўнутры краіны і за яе межамі, у тым ліку – на Міжнародную федэрацыю правоў чалавека, пасаду віцэ-прэзідэнта якой займае Бяляцкі, і на аргкамітэт у справе вылучэння яго на Нобелеўскую прэмію.

belsat.eu

Стужка навінаў