Пры школах Менскай вобласці створаныя бізнес-кампаніі


Чатыры школьныя бізнес-кампаніі з’явіліся ў Салігорску, Нясвіжы, Бараўлянах, Барысаўскім раёне. Яны ёсць структурнымі падраздзяленнямі школаў, іх штат ужо налічвае 49 чалавек. Чакаецца, што бізнес-кампаніі здолеюць даць прыбытак больш за Br 23 млн.
Бізнес-кампанія Нясвіжу збіраецца зарабляць грошы на стварэнні відэаролікаў, мультымедыйных прэзентацыяў, арганізацыі дзіцячых святаў з выездам дахаты. Салігорскія вучні зоймуцца вырабам сувенірных прыхватак і дэкаратыўных дошак для кухні. У Бараўлянах дзеці будуць прадаваць падарункі ды сувеніры, а вучні Барысаўскага раёну наладзяць вытворчасць паштовак ды закладак для кніг.

Дырэктар міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне” Андрэй Маханько лічыць, што гэты праект паспрыяе развіццю ў дзецях паспяховасці ды адказнасці, прывучыць да працы. “У Беларусі не ідзе гаворкі пра выпадкі эксплуатацыі дзяцей, як у некаторых азіяцкіх ці афрыканскіх краінах, дзе праца непаўналетніх выкарыстоўваецца на баваўняных плантацыях. Бізнес-кампаніі – хутчэй, добрая магчымасць зацікавіць маладое пакаленне прадпрымальніцтвам. Для беларускіх школьнікаў сапраўднаю праблемаю застаецца занятасць на сельскагаспадарчых працах увосень, калі яны тыднямі не ходзяць на заняткі, а капаюць бульбу ці буракі”, – гаворыць Андрэй Маханько.

У школах мяркуюць, што дзейнасць бізнес-кампаніяў не будзе замінаць навучальнаму працэсу. Вучні толькі пры жаданні будуць займацца вытворчасцю ў шосты дзень – суботу, які прызначаны для працы гурткоў і заняткаў спортам. “Функцыянаванне кампаніі будзе падобнае да ролевай гульні. Нехта з вучняў атрымае пасаду рэкламнага менеджара, нехта – бухгалтара. Каб прадукцыя карысталася попытам, мы папярэдне з вучнямі правялі маркетынгавае даследаванне. Вырабленыя тавары збіраемся прадаваць танней, чым у крамах, прэйскурант і адпаведная дакументацыя цяпер распрацоўваюцца, – распавядае Лілія Чэча, дырэктарка адной са школаў. – Першымі пакупнікамі стануць бацькі, педагогі, але спадзяемся хутка пашырыць нашую дзейнасць”.

belsat.eu

Стужка навінаў