"Дэмакратычная" статыстыка: Як улады падманваюць Захад?


Міністэрства юстыцыі сцвярджае ў міжнародных справаздачах, што ў Беларусі імкліва павялічваецца колькасць няўрадавых арганізацыяў. З незалежнага даследавання вынікае, што са 112 грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных у 2011 г., больш за палову маюць спартовы ўхіл.

У 2011 г. не зарэгістравалі ніводнага грамадскага аб’яднання праваабарончай накіраванасці або арганізацыі, якая ставіць перад сабою мэту дэмакратычных пераменаў у краіне. Пра гэта 23 студзеня ў Менску на прэзентацыі агляду «Свабода асацыяцыяў і прававое становішча няўрадавых арганізацыяў у Беларусі» паведаміла кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.

«Што тычыцца статыстыкі рэгістрацыі некамерцыйных арганізацыяў летась, – паведаміла яна, – Міністэрства юстыцыі да гэтага часу такой статыстыкі не дало. Больш за тое, што тычыцца ліквідацыі такіх арганізацыяў – такая статыстыка ў Беларусі наогул не публікуецца».

Зрабіўшы аналіз на аснове дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў, Цэнтр прававой трансфармацыі выявіў, што за 2011 г. зарэгістравалі 112 грамадскіх аб’яднанняў. «Што тут цікава? Рэч у тым, што калі Міністэрства юстыцыі дае справаздачу перад нейкімі міжнароднымі органамі, то ўвесь час кажа пра павелічэнне колькасці некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі і, адпаведна, пра развіццё грамадзянскай супольнасці. Мы зрабілі аналіз зарэгістраваных арганізацыяў, і аказалася, што са 112 грамадскіх аб’яднанняў 61 (гэта значыць больш за палову) мае спартовы характар дзейнасці. Дастаткова шмат у нас кіналагічных, феліналагічных арганізацыяў, але за 2011 год не зарэгістравалі ніводнага грамадскага аб’яднання праваабарончай накіраванасці або арганізацыі, што ставіць перад сабою мэту дэмакратычных пераменаў у краіне».

Адзінай праваабарончай арганізацыі, якая летась падала дакументы на рэгістрацыю – праваабарончаму цэнтру «Альтэрнатыва-плюс», які аб’ядноўвае сексуальныя меншасці, – адмовілі ў рэгістрацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў