Расея: Зюганаў гуртуе вакол сябе апазіцыю


Камуністы ў Маскве прынеслі кветкі Леніну, а заадно пакрытыкавалі расейскага прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна. Да іх упершыню далучыліся прадстаўнікі іншых апазіцыйных партыяў.

Каля 1,5 тысячы чалавек узялі 21 студзеня ўдзел у мітынгу “За сумленныя выбары і годнае жыццё”, арганізаваным КПРФ на Манежнай плошчы ў Маскве– паводле звестак прэс-службы сталічнага ГУ МУС Расеі. Да канца акцыі, цвердзіць паліцыя, колькасць удзельнікаў скарацілася да 400 чалавек.

Да маўзалея Леніна ўсклалі кветкі ды вянкі, каб адзначыць 88-ю гадавіну з дня ягонае смерці. Як паведамляе расейская служба “Бі-Бі-Сі”, ініцыятары мітынгу раней заяўлялі пра шэсць тысяч удзельнікаў.

Да камуністаў далучыліся прадстаўнікі левага фронту, чальцы Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДПР) і прыхільнікі некаторых іншых апазіцыйных групаў, гатовыя падтрымаць кандыдатуру кіраўніка КПРФ Генадзя Зюганава на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта адна з першых публічных акцыяў новага альянсу.

На парламенцкіх выбарах у снежні кіроўная партыя Уладзіміра Пуціна “Единая Россия” афіцыйна атрымала каля 49 % галасоў, што выклікала шматлікія абвінавачанні ў махлярстве. Другое месца заняла КПРФ.

belsat.eu

Стужка навінаў