Новая традыцыя: Суботнік, каб прыбраць снег


Менгарвыканкам заклікаў жыхароў сталіцы ачысціць свае двары. Камунальнікі не спраўляюцца з наступствамі снегападаў.

Суботнікі дзеля ачышчэння ад снегу вуліцаў, двароў і ходнікаў прайшлі 21 студзеня ва ўсіх раёнах Менску. Гарадскія чыноўнікі таксама нагадалі, што ў адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання гораду гаспадары аўтамабіляў абавязаныя своечасова прыбіраць снег з праезнай часткі на адлегласці не менш за 1 метр вакол машыны.

Прадстаўнікі праўладных грамадскіх арганізацыяў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Белая Русь”, а таксама раённых адміністрацыяў кантралявалі працу на найбольш загружаных вуліцах у спальных раёнах гораду. Цэнтральны суботнік адбыўся ў парку Горкага. З сабранага снегу там збудавалі вялікі замак.

Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, 20 студзеня ў Менгарвыканкаме адбылося супольнае паседжанне гарадскога штабу ў справе добраўпарадкавання і камісіі надзвычайных сітуацыяў. Намеснік старшыні гарвыканкаму Ігар Васільеў паставіў камунальнікам задачу: максімальна расчысціць горад ад снегу да раніцы панядзелка, працуючы ў гэтыя выходныя бесперапынна.

belsat.eu

Стужка навінаў