Welcome to 1980-я


Рэдакцыя альманаху сучаснага беларускага мастацтва “pARTisan” правяла вечарынку ў стылі 1980-х, прысвечаную выданню альбому “Беларускі авангард 1980-х”.

У праграме вечарынкі былі выступы ветэранаў беларускага авангарду, аўтограф-сесія з “перадавікамі сац-арт-вытворчасці” 1980-х, выстава ўнікальнай калекцыі пладова-ягадных вінаў, жывая музыка 1980-х у выкананні Змітра Бартосіка і Андрэя Плясанава і шмат чаго яшчэ.

“Беларускі авангард 1980-х” – чацвёрты альбом серыі “Калекцыя пАРТызана”, заснаванай у 2009 г. галоўным рэдактарам альманаху “pARTisan” Артурам Клінавым. Першы ў гэтай серыі быў альбом “Дванаццаць” Клінава, а летась выйшаў “Ё Цэслер” Уладзіміра Цэслера і “План уцёкаў” Руслана Вашкевіча. У серыі плануецца выдаць 32 альбомы (паводле колькасці літараў у алфавіце), якія разам складуць унікальную галерэю найноўшай беларускай культуры.

“Калі казаць пра альбом “Беларускі авангард”, – апавядае Артур Клінаў, – гэта альбом пра эпоху 1980-х, якая была адною з найбольш яскравых у беларускай культуры XX ст. Гэта быў час вялікіх спадзеваў, вялікіх чаканняў, змены сацыяльных парадыгмаў. І, натуральна, што ў гэты час беларускае мастацтва выбухнула: вельмі цікавымі імёнамі, з’явамі, выставамі. На жаль, гэты час мінуў, і фактычна ніхто пра яго і не памятае. Шмат каго з тых творцаў ужо няма ў жывых. Напрыклад, Людміла Русава ці Аляксей Жданаў – адзін з найвыбітнейшых беларускіх мастакоў і літаратараў, можна сказаць, забыты геній. Ці Аляксандр Малчанаў і Алена Сысун, якія былі актыўныя ў 1980-я, а потым сышлі з мастацтва”.

belsat.eu

Стужка навінаў