Апытанне: Як ацэньваеце працу прафсаюзаў?


Колькасць сяброў афіцыйных прафсаюзаў складае больш за 4 мільёны чалавек. Чалецтва ў іх практычна абавязковае, а альтэрнатывы – незалежных прафсаюзаў – амаль няма. На пачатку студзеня працаўнікі “Сельскага будаўнічага камбінату” ў Віцебску падалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. У адказ распачаліся рэпрэсіі з боку кіраўніцтва прадпрыемства. На прадпрыемстве “Граніт” больш за сто працаўнікоў пакінулі афіцыйны і ствараюць незалежны прафсаюз гарнякоў.

“Белсат” запытаўся ў мінакоў: як яны ацэньваюць працу дзяржаўных прафсаюзаў?

“Ну, звычайна падарункі да Новага году, віншаванні ўсялякія. Добра ставімся”, – кажа спадарыня.

“Ведаеце, я ўжо даўно не працую, а калі і працаваў, то ў прафсаюзе не быў, бо гэтая арганізацыя працуе толькі пад начальніка”, – адказвае пенсіянер.

“Ведаеце, я яе ўвогуле не адчуваю. Я нідзе не бачу гэтай працы – нідзе!” – смяецца жанчына сталага веку.

“Вось гэтых нашых афіцыйных прафсаюзаў? У нас прафсаюзы ёсць? Дзяўчына, вы ж гэтага не пакажаце: самымі нядобрымі словамі згадаю. Гэта абсалютна фармальная структура, працуе толькі дзеля падтрымання дзяржавы. Людзям яна абсалютна нічога не дае”, – адзначыў чарговы апытаны.

“Прафсаюзы калі-нікалі дапамагаюць. Можна напісаць заяву на дапамогу нейкую, падарункі на Новы год, і ўсё вось такое”, – адказвае малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў