Лукашэнка: Будзем праводзіць палітычную рэфому


У Беларусі магчымая мадэрнізацыя палітычнай сістэмы. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня ў інтэрв’ю вядучым кітайскім СМІ, фрагменты якога апублікаваныя сёння.

На думку Лукашэнкі, неабходна рэагаваць на змены міжнароднай сітуацыі. “Таму мы сёння вывучаем пэўныя тэндэнцыі ў свеце. І, вядома ж, мы і прыстасоўвацца будзем, і мадэрнізаваць нашу палітычную сістэму. Правядзем парламенцкія выбары. І, думаю, што нам трэба звярнуць сур’ёзную ўвагу на палітычную рэформу, або рэформу палітычнай сістэмы нашай краіны”, – цытуе беларускага кіраўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

“Мы на гэта пойдзем, хоць у нас катастрофы ў гэтым плане няма, – сказаў Лукашэнка. – Але трэба заўсёды быць на крок наперадзе тых працэсаў, якія будуць у нас адбывацца. Я аб гэтым упершыню кажу, але абдумваў даўно гэтае пытанне, абмяркоўваў гэтыя праблемы. І мы паволі будзем у гэтым напрамку рухацца”.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў: “Галоўнае – захаваць стабільнасць, даць магчымасць чалавеку нармальна жыць і выказваць сваё меркаванне. Галоўнае – чалавеку даць магчымасць захаваць яго асноўныя правы, на якія ён прэтэндуе і мае права мець іх”.

Тэма палітычных пераўтварэнняў таксама закраналася на леташняй прэс-канферэнцыі Лукашэнкі беларускім СМІ 23 снежня.

“Палітычныя рэформы ў краіне будуць, і прытым у бліжэйшы час. Мы над гэтым думаем”, – заявіў тады кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка сказаў, што не хоча пакідаць пасля сябе існуючую палітычную сістэму. “Таму што вельмі важна, каму перадаць у рукі такія інструменты, – растлумачыў ён. – Не таго, які будзе думаць аб тым, каб у кішэню пакласці, ўтрымаць уладу, а не пра незалежнасць і суверэнітэт”.

Пры гэтым Лукашэнка заўважыў, што незадаволеным цяперашняй уладай “не трэба наракаць”. “Якую вы ўладу абіраеце, такая ў вас і ўлада”, – заявіў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў