Тэхнікі паказалі, што было ў торбах на сенсацыйным відэа


Тэхнікі унутраных войскаў прадэманстравалі абсталяванне, знятае на відэа БелТА ў дзень выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая” і патлумачылі яго прызначэнне.

Кадры агенцтва БелТА, зробленыя пасля выбуху ў менскім метро, з учорашняга дня актыўна абмяркоўвалі інтэрнаўты. Спачатку МУС адмаўлялася ад каментароў. Пазней начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч патлумачыў парталу tut.by, хто гэтыя людзі і для чаго прызначана іх абсталяванне.

«На фота і відэа — супрацоўнікі выбухатэхнічнага цэнтра ўнутраных войскаў. Сітуацыя складалася так: паступіў званок з аператыўна-дзяжурнай службы МУС, першапачатковая інфармацыя была толькі пра тое, што ў метро быў хлапок. Ніякіх падрабязнасцяў. Супрацоўнікі ўзялі з сабой усё абсталяванне, якое магло спатрэбіцца, і выехалі, абсалютна не ведаючы, што адбылося ў метро. Прыбылі яны на месца ў 18.10–18.15, усяго хвілін праз 15 пасля выбуху. Прыбыло туды некалькі сапёрна-піратэхнічных разлікаў, і на фота і відэа — члены аднаго з гэтых разлікаў. У руках у іх сапраўды шпулька сапёрнага кабеля, дрот, у вялікай сумцы — ахоўны касцюм сапёра, браніраваны, са шлемам”, — распавёў Шалькевіч.

Дарэчы, аналагічны касцюм ёсць на іншай фатаграфіі, там, дзе супрацоўнікі «Алмазу» заходзяць у метро. «У руцэ ў аднаго з сапёраў — назіральнае люстэрка, каб шукаць выбуховыя прылады ў цяжкадаступных месцах.

У такой сітуацыі гатовым трэба было быць да ўсяго — прыладаў магло быць некалькі. Натуральна, што спецыялісты ўзялі максімальную колькасць экіпіроўкі», — растлумачыў суразмоўца.

Шмат спекуляцыяў выклікала наяўнасць у руках у аднаго з супрацоўнікаў кандэнсатарнай падрыўной машынкі КПМ. «Гэтая машынка выкарыстоўваецца для абясшкоджвання выбуховай прылады, калі яе немагчыма вывезці з таго месца, дзе яе знайшлі.

Выязджаючы на такія выклікі, сапёры абавязаныя мець яе пры сабе! Да машынкі падводзяцца драты з шпулькі, іншыя канцы дратоў падлучаецца да выбуховага прыстасавання», — удакладніў Шалькевіч.

«Фота зробленае, калі група абследавала ўсе вагоны і ўжо выходзіць з метро. Гэтыя кадры былі ў вольным доступе з красавіка, і з чаго цяпер паўсталі спекуляцыі — незразумела», — здзіўляюцца ў МУС.

«Больш за тое, усё гэта дзеючыя супрацоўнікі, і цяпер працуюць ва ўнутраных войсках. Мы гатовыя паказаць іх журналістам, даць пагутарыць і усё самім патлумачыць, у тым ліку прызначэнне прадметаў», — запэўніў Шалькевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў