Аўта з сакрэтам: адкрылася выстава транспарту спецслужбаў


На выставе “Бонд у дзеянні” прэзентаваныя 50 сродкаў транспарту агента 007, якія “засвяціліся” на кінаэкране.

Убачыць, на чым ездзіў, плаваў і лятаў славуты кінагерой, можна ў ангельскай вёсцы Б’юлі ў графстве Гэмпшыр. Сярод легендаў бандыяны, паказаных на выставе, – срэбраны “Aston Martin DB5”. У залах размясціліся не толькі легендарныя мадэлі аўтамабіляў, на якіх ездзілі героі Шона Конэры, Пірса Броснана, Тымаці Долтана ды іхныя сяброўкі, але і іншыя сродкі перасоўвання: па вадзе, паветры, лёдзе і пад вадою.

Тут і падводная лодка ў форме кракадзіла з фільму “Васьміножка” (“Octopussy”), і рэактыўны заплечнік Пірса Броснана з фільму “Памры, але не цяпер” (“Die Another Day”), і міні-верталёт з кінастужкі “Жывеш толькі двойчы” (“You Only Live Twice”).

У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі некалькі сябровак Джэймса Бонда: Юніс Гейсан (з “Russia With Love” і “Dr. No”), Брыт Эклянд (“The Man With The Golden Gun”), Джэні Гэнлі (“On Her Majesty’s Secret Service”), Мэдлін Сміт (“Live & Let Die”). Выстава прысвечаная 50-годдзю з дня выхаду на экраны фільму “Dr. No”. Агулам выйшлі 22 карціны пра брытанскага суперагента.

Некалькі дзён таму на такійскім аўтасалоне японскія інжынеры прэзентавалі мадыфікаваны аўтамабіль Джэймза Бонда, на якім ён ездзіў у фільме «Жывеш толькі двойчы».

belsat.eu

Стужка навінаў