Сапелка: Думаю, Аўтуховіча перавядуць у Горадню


Ваўкавыскаму прадпрымальніку змянілі меру пакарання на больш жорсткую: яго перавялі з калоніі ў турму. Суд прызнаў Аўтуховіча вінаватым у злосным парушэньні рэжыму. Паседжанне адбылося сёння, 17 студзеня, у Івацэвіцкай калоніі № 5.

“Два гады і тры месяцы, якія засталіся да канца адбыцця пакарання, Аўтуховіч правядзе ў турме”, – сказаў ягоны былы адвакат Павел Сапелка.

Мікалай Аўтуховіч у калоніі больш за дзесяць разоў прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці. Як лічыць былы адвакат, Аўтуховіч будзе накіраваны ў турму № 1 у Гродне.

Напярэдадні разгляду справы Аўтуховіч напісаў сваім паплечнікам, што гатовы да развіцця падзей пасля 17 студзеня. У лісце ён чарговы раз апісаў сапраўднае жыццё калоніі, а таксама выказаў падзяку ўсім знаёмым і незнаёмым людзям, якія маральна падтрымлівалі яго.

“Я пратэстую, таму што ўспрымаю жыццё такім, якое яно ёсць на самой справе, а не такім, якім яго хочуць паказаць тыя, хто трымае ўладу. Няхай ведаюць, што не кожны прагінаецца ў выніку беззаконня і не з кожнага можна зрабіць жывёліну. Я не гандлюю сумленнем, быў, ёсць і застаюся чалавекам, міма зла не праходжу і маўчаць не буду “, – заявіў прадпрымальнік.

У маі 2010 г. Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прысуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.

Стужка навінаў