Суд не апраўдаў Башуру, але і не пакараў больш жорстка


Сёння разгядаліся касацыйныя заявы актывіста і пракурора.

Сёння Менскі гарадскі суд разглядаў касацыйную скаргу Міхася Башуры і касацыйны пратэст пракурора. Нагадаем, што актывіста кампаніі “Гавары праўду!” асудзілі 19 лістапада. Яго прызналі вінаватым у падробцы дакументаў для атрымання крэдыту і пакаралі штрафам памерам 17,5 млн руб. Амаль тры месяцы да суда Міхась Башура правёў за кратамі.

Актывіст абскарджваў прысуд, вынесены судом Савецкага раёну сталіцы, бо лічыць сябе невінаватым. У сваю чаргу пракурор вынес касацыйны пратэст, у якім патрабаваў пакараць Башуру больш жорстка.

Як паведаміў “Белсату” Міхась Башура, разгляд прайшоў вельмі хутка і з парушэннем юрыдычнай працэдуры: “Звычайна справу вывучае хтосьці з суддзяў і на паседжанні дакладае старшыні ды іншым суддзям яе акалічнасці. На сённяшнім паседжанні старшыня заявіў, што са справай азнаёміўся загадзя”.

Паводле актывіста, шмат супярэчнасцяў было ў выступе пракурора: яны датычылі ў тым ліку асабістых звестак падсуднага. Нарада суддзяў доўжылася літаральна 5 хвілінаў, пасля чаго яны агучылі рашэнне адмовіць абодвум бакам у задавальненні касацыйных заяваў.

Адвакатка Башуры Тамара Сідарэнка паведаміла, што будзе падаваць касацыйную скаргу старшыні Менскага гарадскога суда. Яна мяркуе, што плёну гэта не прынясе, але трэба прайсці гэтую прыступку, каб мець магчымасць звярнуцца ў Вярхоўны суд.

belsat.eu

Стужка навінаў