Яго павінны распрацаваць да 2015 года
Паводле старшыні Сталай камісіі адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Здановіча, «шматлікіх правапарушэнняў у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны ў нашай краіне не назіраецца, аднак кожнае парушэнне можа прывесці да таго, што нацыянальная гістарычна-культурная спадчына можа знікнуць». «Кодэкс аб культуры, а таксама праграмы рэстаўрацыі, рэканструкцыі ды захавання прыярытэтных гістарычна-культурных каштоўнасцяў беларускага народу, уключэнне іх у культурны і турыстычны абарот накіраваны выправіць гэтую сітуацыю», – заявіў чыноўнік.
Ягонага меркавання не падзяляе старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.
«У Беларусі наўпрост адбываецца фальсіфікацыя захавання і аднаўлення гістарычна-культурнай спадчыны, – мяркуе эксперт. – Гэта вялікая катастрофа, якая замінае нашаму развіццю. Так званая рэканструкцыя, якая праходзіць пад знакам «Памры, але зрабі», справакаваная абсалютным ігнараваннем нормаў, замацаваных у заканадаўстве. І парушэнні маюцца ўжо на самым першым этапе – стварэнні праектна-каштарыснай дакументацыі. Таксама ёсць дзіркі ў нарматыўна-прававой базе ў плане тэхнічных рэгламентаў. Да таго ж, на рэканструкцыю не выдзяляюць вялікіх грошай, таму на такія праекты не ідуць добрыя архітэктары. Раённага ўзроўню найчасцей. На выхадзе маем тое, што маем».
belsat.eu